Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 02 Чэрвень 2020 17:00

Завяршылася рэгістрацыя на ЦТ - 2020

ct2020У Гродзенскай вобласці ўдзел у цэнтралізаваным тэсціраванні зарэгістраваліся больш 5426 абітурыентаў.

У гэтым годзе заявіць пра сваё жаданне паўдзельнічаць у ЦТ можна было анлайн. Так, у Гродзенскім рэгіёне з дапамогай электроннай падачы заяў было зарэгістравана 82 працэнты абітурыентаў.

- У гэтым годзе амаль пяць з паловай тысяч абітурыентаў напішуць 18311 тэстаў па 15 прадметах. Найбольш шматлікімі па колькасці ўдзельнікаў будуць уступныя выпрабаванні па рускай мове, матэматыцы, а таксама англійскай і беларускай мовах, - распавяла начальнік Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі факультэта давузаўскай падрыхтоўкі ГрДУ імя Янкі Купалы Аксана Валюк.

У гэтым годзе ў Гродзенскай вобласці рускую мову плануюць здаваць 4078 абітурыентаў, матэматыку - 2924, тэсты па англійскай мове будуць пісаць 2079 чалавек, а па беларускай - 1736. Менш за ўсё тэстаў у рэгіёне напішуць па французскай мове - 34, іспанскай - 11, тэст па кітайскай мове будзе здаваць усяго 1 абітурыент. Пункты правядзення ЦТ традыцыйна будуць працаваць у Гродне, Лідзе і Ваўкавыску.

- У Гродзенскай вобласці ўступныя выпрабаванні будуць праходзіць у 10 карпусах навучальных устаноў, плануецца задзейнічаць больш за 140 аўдыторый, - адзначыла начальнік Рэгіянальнага цэнтра тэсціравання і прафесійнай арыентацыі моладзі Аксана Валюк. - Усяго ў рэгіёне будзе больш за 6 тысяч пасадачных месцаў для абітурыентаў. Гэта на тысячу больш, чым у мінулым годзе. Такім чынам, арганізатарам ЦТ удасца забяспечыць захаванне бяспечнай адлегласці паміж абітурыентамі, што вельмі важна ва ўмовах існуючай эпідэміялагічнай сітуацыі.

Для тых, хто зарэгістраваўся для ўдзелу ў ЦТ, уступныя іспыты ў гэтым годзе пачнуцца з 25 чэрвеня, а завершацца 16 ліпеня. Як заўсёды, прадугледжаны і рэзервовыя дні ЦТ: 19, 21 і 23 ліпеня. Рэгістрацыя абітурыентаў для праходжання цэнтралізаванага тэставання ў рэзервовыя дні будзе ажыццяўляцца з 12 па 17 ліпеня.