Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 10 Снежань 2019 16:53

Трое студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта сталі лаўрэатамі прэміі імя Аляксандра Дубко

dubko

Прэмія Гродзенскага аблвыканкама прадстаўнікам таленавітай і адоранай моладзі рэгіёна была ўручана 10 снежня ў Новым замку.

 

На ўрачыстую цырымонію былі запрошаны лепшыя студэнты, навучэнцы сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў і школьнікі, якія вызначыліся ў вучобе, спорце або творчасці. Накіравана мерапрыемства на раскрыццё і падтрымку маладых талентаў Гродзенскага рэгіёна. Павіншавалі рабят і ўручылі ім узнагароды жонка Аляксандра Дубко Эма Дубко, намеснік старшыні Гродзенскага аблвыканкама, старшыня Пастаяннай камісіі Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Віктар Лісковіч, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і першы намеснік начальніка галоўнага упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама Галіна Курганская.

Сярод лаўрэатаў 2019 года - трое студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы: студэнтка юрыдычнага факультэта Вольга Нікіфарава, студэнт факультэта фізічнай культуры Сяргей Радзевіч і студэнтка педагагічнага факультэта Таццяна Шчэрбач.

Вольга Нікіфарава навучаецца па спецыяльнасці "Эканамічнае права", з'яўляецца старшынёй студэнцкага навуковага таварыства юрыдычнага факультэта, прымала ўдзел у XVIII і XIX Міжнароднай навуковай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў і аспірантаў "Узаемадзеянне прававых сістэм сучаснасці ў мэтах ўстойлівага развіцця грамадства", мае тры навуковыя публікацыі. У складзе каманды юрыдычнага факультэта «Купалаўцы» Вольга Нікіфарава заняла II месца ў камандным заліку і I месца ў спецыялізаваным конкурсе Беларускай натарыяльнай палаты ў Беларускай студэнцкай юрыдычнай алімпіядзе - 2018, 2019.

Студэнт-купалавец, майстар спорту Рэспублікі Беларусь па цяжкай атлетыцы Сяргей Радзевіч - неаднаразовы пераможца і прызёр Рэспубліканскіх спаборніцтваў па цяжкай атлетыцы, удзельнік II Рэспубліканскай навукова-практычнай канферэнцыі студэнтаў, магістрантаў, аспірантаў «Актуальныя праблемы фізічнага выхавання і спартыўнай трэніроўкі».

Студэнтка 2 курса, будучы лагапед Таццяна Шчэрбач - пераможца конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Міс і Містар ГрДУ імя Янкі Купалы - 2019», а таксама рэспубліканскага конкурсу грацыі і артыстычнага майстэрства «Каралева Вясна - 2019». Акрамя таго, Таццяна Шчэрбач была ўдзельніцай Міжнароднай Студэнцкай Вясны краін БРІКС і ШАС і атрымала перамогу ў намінацыі «Віцэ-каралева студэнцтва - 2019» у Міжнародным конкурсе грацыі і прыгажосці «Каралева студэнцтва - 2019».

Студэнты былі ўдастоены прэміі за высокія дасягненні ў вучобе, спорце, творчасці і грамадскай дзейнасці. Разам з лаўрэатамі падчас урачыстай цырымоніі ўшаноўвалі і педагогаў, якія рыхтавалі стыпендыятаў, дапамагалі ім праявіць свае таленты ў навуковых, творчых і спартыўных спаборніцтвах. Такім настаўнікамі для купалаўцаў сталі дацэнт кафедры грамадзянскага права і працэсу юрыдычнага факультэта Авак Вартанян, дацэнт кафедры спартыўных дысцыплін факультэта фізічнай культуры Сяргей Кесель і дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання педагагічнага факультэта Алена Лапкоўская.

Прэмія Гродзенскага аблвыканкама адораным навучэнцам была заснаваная ў 1998 годзе. З 2001 года яна носіць імя Героя Беларусі Аляксандра Дубко - кіраўніка Гродзенскай вобласці са снежня 1994 года па люты 2001 года.