Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 11 Май 2020 16:04

ГрДУ імя Янкі Купалы зацверджаны ў якасці пастаяннага члена Савета Міжнароднага Альянсу Трапічнай Медыцыны «Пояс-шлях» (г. Хайкоў, КНР)

16389 1Купалаўскі ўніверсітэт увайшоў у лік пастаянных членаў BRTMA па запрашэнні Прэзідэнта Хайнаньскага медыцынскага ўніверсітэта ў рамках правядзення II Форуму па трапічнай медыцыне.

На форуме дацэнт кафедры тэорыі і методыкі фізічнай культуры Андрэй Шпакаў прадставіў вынікі супрацоўніцтва ў рамках сумеснай даследчай работы «Патагенез і эпідэміялогія хранічных захворванняў лёгкіх ва ўмовах умеранага кантынентальнага клімату ва Усходняй Еўропе і трапічнага марскога клімату ва Усходняй Азіі». Праца выканана навуковымі калектывамі Хайнаньскага ўніверсітэта ў г. Хайкоў і ГрДУ імя Янкі Купалы пры падтрымцы Беларускага рэспубліканскага фонду фундаментальных даследаванняў і Фонду натуральных навук Кітая. Варта адзначыць, што вынікі двухгадовай сумеснай працы вядомыя ў навуковым свеце, апублікаваныя ў вядучых рэйтынгавых навуковых часопісах Беларусі і Кітая, а таксама прадстаўлены на міжнародных навуковых канферэнцыях.

Падчас сустрэч і перамоў на форуме выказана ўпэўненасць, што міжнароднае навуковае супрацоўніцтва ў рамках Альянсу ў бліжэйшы час прынясе адчувальны плён у выглядзе новых грантаў для правядзення сумесных навуковых даследаванняў краін-удзельніц, канферэнцый і абмену навукоўцамі.

Ініцыяваў стварэнне Альянсу трапічнай медыцыны «Пояс-шлях» Хайнаньскі медыцынскі ўніверсітэт па прапанове Сусветнай Арганізацыі Аховы здароўя для прафілактыкі рэспіраторных захворванняў і трапічных хвароб, а таксама ў рамках стратэгіі па пашырэнні супрацоўніцтва ў галіне медыцыны сярод краін і рэгіёнаў, аб'яднаных канцэпцыяй «Адзін пояс - адзін шлях» . Высунутая Старшынёй Кітая Сі Цзіньпінам канцэпцыя «Адзін пояс - адзін шлях» заклікае да ўмацавання культурных і навуковых абменаў і сувязяў паміж рознымі краінамі, а таксама садзейнічанню ўстойлівага развіцця краін-удзельніц.