Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 08 Май 2020 16:22

У ГрДУ імя Янкі Купалы адбылася прэзентацыя відэафільма аб вызваленні вобласці і Гродна

dorogamiПраект стаў вынікам студэнцкай ініцыятывы - віртуальнай грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Дарогамі Перамогі».

Фільм аб вызваленні тэрыторыі Гродзенскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў стаў працягам універсітэцкай акцыі «Дарогамі Перамогі», якая ўпершыню была праведзена па ініцыятыве студэнтаў у мінулым годзе. Тады маладое пакаленне купалаўцаў наведала за два дні пяць раёнаў вобласці, жыхарам якіх яны прадставілі сваю музычна-мастацкую праграму. Да 75-гадовага юбілею Вялікай Перамогі студэнты вырашылі стварыць тэматычны відэафільм, у які ўвайшлі як фрагменты тэатралізаванай праграмы, так і відэаролікі, знятыя прадстаўнікамі моладзі розных раёнаў вобласці на фоне памятных месцаў.

- Праект «Дарогамі Перамогі» ў гэтым годзе мы вырашылі правесці ў іншым фармаце, - расказала падчас прэзентацыі фільма рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Мы распавялі ў адным фільме аб слаўнай гісторыі вызвалення нашай Гродзеншчыны. Хачу выказаць вялікую падзяку маладому купалаўскаму пакаленню, якое стала ініцыятарам гэтага выдатнага праекта пад назвай «Дарогамі Перамогі». Вельмі важна захоўваць памяць пра Вялікую Айчынную вайну. Бо пакуль мы памятаем пра тое, праз якія выпрабаванні давялося прайсці нашым дзядам і прадзедам, мы лепш разумеем, наколькі каштоўная тая магчымасць мірнай працы і стваральнага, спакойнага жыцця, якія ёсць зараз у нас.

У мерапрыемстве, прысвечаным прэзентацыі віртуальнай грамадзянска-патрыятычнай акцыі «Дарогамі Перамогі», прыняла ўдзел начальнік упраўлення культуры Гродзенскага аблвыканкама Алена Клімовіч. Яна адзначыла, што гэта ўнікальны праект, які рэалізуецца ў рамках рэспубліканскай акцыі «Беларусь памятае. Памятаем кожнага», прысвечанай 75-годдзю Вялікай Перамогі.

- Мы павінны памятаць пра пераможцаў, пра нашых ветэранаў, пра тых, хто не вярнуўся з бою, вызваляючы нашу вобласць. У кожным раённым цэнтры ёсць свае памятныя мясціны, як і ў кожнай сям'і ёсць свае гісторыі, звязаныя з той далёкай вайной. Але мы сапраўды памятаем кожнага. І дзякуючы ў тым ліку і такім выдатным ініцыятывам студэнтаў гэтая памяць працягвае жыць, - адзначыла Алена Клімовіч.

Падчас мерапрыемства ўдзельнікі акцыі падзяліліся з прысутнымі сваімі эмоцыямі і распавялі пра тое, як ствараўся фільм.

- Было вельмі цікава працаваць над фільмам, - распавяла студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Пашынская. - Мы дзяліліся сваімі ідэямі з рабятамі з розных раёнаў вобласці і ў працэсе даведваліся шмат цікавых гісторый, рэальных гістарычных фактаў пра падзеі 75-гадовай даўніны. Гэта быў незабыўны вопыт. Ужо думаем над тым, якія ідэі рэалізаваць у наступным годзе. Праект «Дарогамі Перамогі» будзе працягнуты.

Падчас прэзентацыі віртуальнай акцыі была арганізавана онлайн сувязь з прадстаўнікамі некалькіх раёнаў Гродзенскай вобласці. Яны распавялі пра тое, як у іх захоўваецца памяць пра вайну, падзяліліся сваімі ўражаннямі ад удзелу ў праекце купалаўцаў і павіншавалі ўсіх з надыходзячым святам. Скончылася сустрэча сумесным выкананнем песні, якую ведае кожны і словы якой нікога не пакідаюць абыякавым, - «Дзень Перамогі».