Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 05 Май 2020 11:24

«Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта»: Іван Гушчын

gushchinІван Вітальевіч Гушчын нарадзіўся 17 снежня 1934 года ў вёсцы Стары Спор Бацэвічскага сельсавета Клічаўскага раёна Магілёўскай вобласці. У гады Вялікай Айчыннай вайны яго бацькі, старэйшы брат і сястра змагаліся ў партызанскім атрадзе. З 1942 года ўдзельнічаў у партызанскім руху. У жніўні таго ж года падчас бою каля вёскі Стары Спор быў цяжка паранены. 29 красавіка 1944-га атрад карнікаў спаліў вёску, расстраляўшы жыхароў, у тым ліку і юнага партызана. Сярод расстраляных яго з чатырма раненнямі знайшлі партызаны. У партызанскім шпіталі яму зрабілі аперацыю, ампутавалі перабітыя куляй палец правай рукі.

Па заканчэнні нямецка-фашысцкай акупацыі Беларусі Іван Гушчын выхоўваўся ў дзіцячым доме вёскі Несята, а з 1950 года - у дзіцячым доме ў горадзе Баранавічы.

У 1958 годзе скончыў юрыдычны факультэт БДУ імя У. І. Леніна. Па размеркаванні са жніўня 1958 года працаваў следчым-стажорам пракуратуры Ашмянскага раёна. З красавіка 1959 года - следчы пракуратуры Мядзельскага раёна, з ліпеня 1961 году - пракурор Мядзельскага раёна. У красавіку 1963 году Іван Вітальевіч Гушчын прызначаны Вілейскім міжраённым пракурорам Мінскай вобласці. У верасні 1965 гады ён паступіў у аспірантуру Усесаюзнага юрыдычнага завочнага інстытута, якую датэрмінова скончыў у красавіку 1967 года, абараніўшы кандыдацкую дысертацыю.

Загадам рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта № 122-АК ад 18 лiпеня 1978 году кандыдат юрыдычных навук Іван Вітальевіч Гушчын быў прыняты на працу на пасаду дацэнта кафедры гісторыі СССР і БССР. Акрамя таго, згодна з дадзеным загадам на яго дадаткова былі ўскладзеныя абавязкі дэкана юрыдычнага факультэта на грамадскіх асновах.

У 1987 годзе ў Алма-Аце Іван Гушчын абараніў доктарскую дысертацыю па тэме «Прававыя праблемы забеспячэння калгаснага сялянства» у Інстытуце філасофіі і права АН Казахскай ССР. У 1990 годзе яму было прысуджана вучонае званне прафесара. Аўтар больш за 200 навуковых прац, у іх ліку каля 30 манаграфій, вучэбных і вучэбна-метадычных дапаможнікаў, а таксама шэрагу навуковых артыкулаў і тэзісаў навуковых дакладаў. Пад яго навуковым кіраўніцтвам абаронена 9 кандыдацкіх дысертацый, падрыхтаваны да абароны адна кандыдацкая і адна доктарская дысертацыі, а ўсяго на кафедрах, якімі ён загадваў, абараніліся 13 кандыдатаў і 3 доктары навук. Іван Вітальевіч Гушчын быў узнагароджаны медалямі «Партызану Айчыннай вайны», «Ветэран працы», Ганаровымі граматамі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства юстыцыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскага аблвыканкама і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

З успамінаў:

«Маці і бацька знаходзіліся ў іншым атрадзе. Ім перадалі, што я загінуў. Маці я знайшоў толькі ў 1967 годзе пад іншым прозвішчам у г. Баранавічы. Пасля вызвалення Беларусі бацька ўліўся з партызанскім атрадам у дзеючую армію. Пазней, 4 жнiўня 1944 года, ён памёр ад ран у Польшчы і пахаваны ў г. Аўгустове».

З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.