Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 16 Красавік 2020 16:44

«Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта»: Уладзімір Вінэль

vinnelУладзімір Антонавіч Вінэль нарадзіўся 20 мая 1920 года ў вёсцы Слаўковічы Бабруйскага павета Мінскай губерніі. У 1940-1941 гадах працаваў настаўнікам. У 1942 годзе трапіў з баявымі таварышамі ў акружэнне і больш за два тыдні хаваўся ў балотах. У перыяд з 1942 па 1944 гады быў партызанам атрада імя С. М. Будзёнага і 100-й брыгады Палескага злучэння на тэрыторыі Глускага раёна Магілёўскай вобласці, дзе размяшчаліся нямецкія гарнізоны «Катка», «Харамцы». Удзельнічаў у разведвальных аперацыях і знішчэнні праціўніка. Узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені, медалём Жукава і юбілейнымі медалямі, а таксама нагрудным знакам «Ветэран Вялікай Айчыннай вайны 1941-1945 гг.».

Уладзімір Антонавіч Вінэль скончыў Мінскі дзяржаўны педагагічны інстытут імя А. М. Горкага ў 1949 годзе, здаў кандыдацкі мінімум па педагогіцы і гісторыі педагогікі - ў 1957 годзе, па гісторыі КПСС - у 1968 годзе. З 1945 па 1962 год працаваў настаўнікам, інспектарам РАНА. З 1962 году - старшы выкладчык кафедры педагогікі і псіхалогіі Гродзенскага педагагічнага інстытута імя Янкі Купалы, кіраўнік агульнаінстытутскай педагагічнай практыкі студэнтаў. Член Савета інстытута па сувязях са школай.

З 1964 года Уладзімір Вінэль быў дырэктарам і настаўнікам Ласоснаўскай школы Гродзенскага раёна. За гады працы апублікаваў артыкулы па педагогіцы ў часопісах «Народная адукацыя», «Пачатковая школа», у «Настаўніцкай газеце», «Міліцэйскім весніку»; выдаў метадычныя дапаможнікі: «Выкладанне гісторыі ў школе», «Роля інспектара ў вывучэнні і прапагандзе перадавога педагагічнага вопыту». Апублікаваў гістарычныя нарысы аб гарадах і пасёлках Гродзеншчыны, артыкулы па гісторыі гарадоў-юбіляраў Беларусі, а таксама аповесць "Настаўнік". Уладзімір Антонавіч Вінэль узнагароджаны нагрудным знакам «Выдатнік народнай асветы Беларускай ССР».

З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.