Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 15 Красавік 2020 16:23

Набор на новыя спецыяльнасці і залічэнне ў электронным фармаце: у ГрДУ імя Янкі Купалы плануюць ход правядзення ўступнай кампаніі-2020

Пра тэрміны прыёму дакументаў і асаблівасці залічэння абітурыентаў, пра планы набору і адкрыццё новых спецыяльнасцяў расказала адказны сакратар прыёмнай камісіі, дэкан факультэта давузаўскай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Карлюкова.

 

19100 2

 

- У рэспубліцы зацверджаны тэрміны правядзення ўступнай кампаніі-2020 ва ўстановы вышэйшай адукацыі. Калі стартуе прыём дакументаў ад абітурыентаў у Купалаўскім універсітэце?

- Сапраўды, тэрміны правядзення ўступнай кампаніі-2020 вызначаны. Што тычыцца Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, то з 16 па 21 ліпеня мы будзем прымаць дакументы ад абітурыентаў, якія прэтэндуюць на атрыманне вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту, а ад выпускнікоў профільных класаў (груп) педагагічнай накіраванасці сярэдніх школ - з 16 па 18 ліпеня . А вось абітурыенты, якія плануюць навучацца ва ўніверсітэце на платнай аснове, могуць падаваць дакументы з 16 ліпеня па 8 жніўня ўключна. Для тых, хто паступае на творчыя спецыяльнасці і спецыяльнасці фізічнай культуры і спорту, а таксама на спецыяльнасці са скарочаным тэрмінам навучання прадугледжана правядзенне ўнутрывузаўскіх выпрабаванняў, якія ў гэтым годзе запланаваны на перыяд з 22 па 28 ліпеня.

 

19100 3]

Не першы год залічэнне абітурыентаў у ГрДУ імя Янкі Купалы праходзіць у электронным фармаце. У чым перавагі такога падыходу? Ці плануецца ва ўніверсітэце працягваць працу ў гэтым кірунку?

- Ужо не адзін год прыёмная камісія ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы працуе не толькі ў рэальнай, але і ў віртуальнай прасторы. У рамках лічбавай прыёмнай камісіі ГрДУ імя Янкі Купалы кожны абітурыент мае асабісты кабінет, у якім прысутнічае ўся інфармацыя аб ходзе падачы дакументаў, удзеле ў конкурсе, здачы ўступных выпрабаванняў, пра час і месца правядзення розных арганізацыйных сходаў. Менавіта ў асабістым кабінеце абітурыента з'яўляецца інфармацыя аб выніках залічэння ва ўніверсітэт, якая паступае ў асабісты кабінет на працягу двух гадзін пасля паседжання прыёмнай камісіі. Дарэчы, адразу пасля залічэння ў віртуальнай прасторы ўніверсітэта ў кожнага першакурсніка таксама з'яўляецца свой асабісты кабінет з усёй неабходнай і актуальнай інфармацыяй. Гэта вельмі зручна як для студэнтаў, так і для супрацоўнікаў.

Што датычыцца планаў, то ў ГрДУ імя Янкі Купалы актыўна ўкараняюцца новыя інфармацыйныя тэхналогіі ў дзейнасць усіх структур універсітэта. Так, у мінулым годзе прыступілі да рэалізацыі новага праекту «Лічбавы ўніверсітэт +». У 2020 годзе ўпершыню адкрываем падрыхтоўку ў дыстанцыйнай форме: па чатырох спецыяльнасцях са скарочаным тэрмінам навучання.

 

19100 6

 

–Раскажыце больш падрабязна пра тыя спецыяльнасці, па якіх будзе абвешчаны набор на дыстанцыйную форму навучання. Як будзе праходзіць навучальны працэс?

– Атрымаць адукацыю онлайн можна будзе па спецыяльнасцях "Транспартная лагістыка (аўтамабільны транспарт)" на факультэце інавацыйных тэхналогій машынабудавання, «Турызм і гасціннасць» на факультэце гісторыі, камунікацыі і турызму, «Дашкольная адукацыя» і «Пачатковая адукацыя» на педагагічным факультэце. Навучальны працэс будзе рэалізаваны з выкарыстаннем інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій і электронных адукацыйных сэрвісаў універсітэта. Асабістая прысутнасць студэнта неабходна толькі для здачы залікаў і экзаменаў, прычым сесія будзе насіць кароткатэрміновы характар - да 7 дзён.

 

19100 12

 

19100 14

 

–Якая агульная колькасць спецыяльнасцяў, па якіх будзе абвешчаны набор у Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы ў гэтым годзе? Ці з'явяцца новыя спецыяльнасці?

– Агульная колькасць спецыяльнасцяў, па якіх будзе абвешчаны набор ва ўніверсітэт гэтым летам, - 54. У мінулым годзе было 51. Па дзвюх спецыяльнасцях на факультэце эканомікі і кіравання ў гэтым годзе адноўлены набор: «Сусветная эканоміка» у дзённай форме і «Бухгалтарскі ўлік, аналіз і аўдыт (у камерцыйных і некамерцыйных арганізацыях)» у завочнай скарочанай форме. Па адной спецыяльнасці набор быў прыпынены: «Камерцыйная дзейнасць» у завочнай скарочанай форме. Навучанне па спецыяльнасці "Тэхнічная эксплуатацыя энергаабсталявання" з гэтага года будзе праходзіць замест вячэрняй ў завочнай скарочанай форме. Дарэчы, у 2020 годзе ўніверсітэт прыпыняе набор на вячэрнюю форму навучання і прапануе абітурыентам выбраць для паступлення падрыхтоўку ў дзённай, завочнай альбо завочнай дыстанцыйнай форме па адпаведных спецыяльнасцях.

Што тычыцца новых спецыяльнасцяў, то іх у гэтым годзе будзе адкрыта адразу чатыры. У ГрДУ імя Янкі Купалы пачнуць рыхтаваць спецыялістаў па робататэхніцы, штучнаму інтэлекту, дызайне віртуальнага асяроддзя, а таксама трэнераў па некалькіх відах барацьбы і лёгкай атлетыцы. Набор на новыя спецыяльнасці адкрываюць факультэт матэматыкі і інфарматыкі, фізіка-тэхнічны факультэт, факультэт фізічнай культуры, а таксама факультэт мастацтваў і дызайну. 

 

 

19100 11

 

Ці плануецца ў гэтым годзе павялічыць план набору і з чым гэта звязана?

- Так, у гэтым годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы будзе павялічаны план набору, і гэта звязана, перш за ўсё, з адкрыццём новых спецыяльнасцяў. Для навучання на дзённай форме за кошт сродкаў бюджэту плануецца набраць 890 чалавек, для параўнання, у мінулым годзе было 835. План па завочнай бюджэтнай форме на гэты год - 198 чалавек, у той час як у 2019 годзе было 152.

 

19100 13

 

– Калі прааналізаваць леташнюю ўступную кампанію, як яна прайшла, на якія спецыяльнасці былі найбольш высокія конкурсы?

– План прыёму на бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі выкананы цалкам. Так, у 2019 годзе ў лік студэнтаў для атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў бюджэту ва ўніверсітэт было залічана 1048 чалавек: 835 - на дзённую, 15 - на вячэрнюю, 198 - на завочную форму навучання.

На дзённую бюджэтную форму атрымання вышэйшай адукацыі абітурыентамі было пададзена 1 882 заявы, а конкурс склаў 2,25 чалавека на месца. Для параўнання, у 2018 годзе конкурс быў 1,98 чалавека на месца. Самыя высокія конкурсы на дзённую форму навучання былі на такія спецыяльнасці, як «Дызайн» і «Лінгвістычнае забеспячэнне міжкультурных камунікацый»: 10,5 і 6 чалавек на месца адпаведна. Па-ранейшаму папулярнымі застаюцца юрыдычныя і эканамічныя спецыяльнасці, хоць яны ўжо і не ў самым топе: 5,42 чалавека на месца прэтэндавалі па спецыяльнасцях "Міжнароднае права", "Правазнаўства" і "Эканамічнае права", 3,63 чалавека на месца - «Фінансы і крэдыт», «Эканоміка і кіраванне на прадпрыемстве» і «Электронны маркетынг».

На завочную форму атрымання вышэйшай адукацыі за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту у 2019 годзе самы вялікі конкурс быў пры залічэнні на факультэт фізічнай культуры. Сярэдні конкурс па ўніверсітэце на завочную форму навучання ў мінулым годзе быў 1,74 чалавека на месца.

Усё часцей ГрДУ імя Янкі Купалы выбіраюць абітурыенты з розных рэгіёнаў Беларусі. Так, у 2019 годзе студэнтамі дзённай бюджэтнай формы навучання сталі 198 чалавек з іншых абласцей краіны, што склала 23,7% ад агульнай колькасці залічаных.

 

19100 10

 

–Ці варта задумвацца пра жыллё загадзя будучым першакурснікам, якія прыязджаюць атрымліваць адукацыю ў нашым універсітэце не толькі з розных гарадоў Гродзенскай вобласці, але і з іншых рэгіёнаў краіны? Якую падтрымку ім аказвае ў гэтым плане Купалаўскі ўніверсітэт?

- У ГрДУ імя Янкі Купалы на працягу ўжо больш за 5 гадоў дзейнічае праграма «Універсітэт твой дом». У адпаведнасці з гэтай праграмай кожнаму іншагародняму першакурсніку прадастаўляецца месца ў адным з 5 інтэрнатаў Студэнцкага гарадка. І ў 2020 годзе мы захоўваем такі падыход, таму займацца пошукам жылля іншагароднім студэнтам 1 курса не трэба. Дарэчы, мы вельмі чакаем ўводу ў эксплуатацыю новага студэнцкага інтэрната па вуліцы Дубко. Здача новага будынка дазволіць павялічыць паказчык забяспечанасці інтэрнатам студэнтаў-купалаўцаў на ўзроўні больш за 85%.

 

19100 4

 

19100 5

 

Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы з'яўляецца адным з вядучых рэгіянальных ВНУ краіны, які традыцыйна займае лідзіруючыя пазіцыі сярод устаноў вышэйшай адукацыі Беларусі ў міжнародных рэйтынгах. Купалаўскі ўніверсітэт ажыццяўляе падрыхтоўку высокакваліфікаваных спецыялістаў па самых розных накірунках. Набор абітурыентаў і колькасць прапанаваных спецыяльнасцяў штогод карэктуюцца з улікам актуальных тэндэнцый і патрэбаў эканомікі. З першага курсу студэнтам распавядаюць аб шырокіх магчымасцях, якія адкрываюцца перад кожным купалаўцам. «Універсітэт тваіх магчымасцяў» - так называецца першая лекцыя, якую чытае рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, і так гучыць дэвіз дружнай купалаўскай сям'і, да якой гэтым летам далучацца абітурыенты 2020 года, якія паспяхова пройдуць ўсе выпрабаванні уступнай кампаніі.

 

19100 7

 

19100 8