Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Субота, 04 Красавік 2020 08:51

«Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта»: Сяргей Беркнер

vov berknerСяргей Самуілавіч Беркнер нарадзіўся 16 мая 1923 года ў Беластоку. У 1942 годзе ўступіў у падпольную беластоцкую антыфашысцкую арганізацыю гета. У 1943 годзе пайшоў у партызанскі атрад «Наперад», быў разведчыкам штаба брыгады імя Кастуся Каліноўскага. Сяргей Беркнер узнагароджаны ордэнам Айчыннай вайны 2-й ступені (1985), медалямі «Партызану Айчыннай вайны» 1-й ступені, «За перамогу над Германіяй у Вялікай Айчыннай вайне 1941-1945».

З 1945 года Сяргей Самуілавіч Беркнер працаваў манцёрам ў Гродзенскім педагагічным інстытуце. У 1949 годзе скончыў англійскае аддзяленне факультэта замежных моў нашай ВНУ, а з 1951 года працаваў выкладчыкам кафедры англійскай мовы ў Ульянаўску. З 1962 года Сяргей Беркнер - прафесар кафедры англійскай мовы Варонежскага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта. Доктар філалагічных навук, прафесар, Сяргей Беркнер напісаў мемуарна-гістарычную кнігу «Жыццё і барацьба Беластоцкага гета».

З успамінаў:

«Мяне таемна па патрабаванню бацькі пераправілі праз агароджу гета ў партызанскі атрад, у лес. Іншыя вязні бачылі ў гэтым вар'яцтва і смяротную рызыку. Многія тады лічылі, што як-небудзь перажывуць гета, што немцы адпраўляюць людзей адсюль не ў печы, а «на працу».

Але бацька ўжо бачыў, чым усё хутка скончыцца. Так што ён не проста калісьці даў мне жыццё - падараваў лёс. Сам партызанскі супраціў быў шанцам выжыць. Я выжыў. І пазнаёміўся ў атрадзе са сваёй будучай жонкай. А бацька загінуў у канцлагеры, куды вывезлі з таварнай станцыі Беластока ўсіх жыхароў гета - дзяцей, старых, жанчын. Але спачатку ён з іншымі падпольшчыкамі падняў у гета паўстанне. Гэта быў акт варты смерці. Між іншым, ім таемна дапамагаў сёй-той з немцаў. У нас быў адзін, нямецкі сацыял-дэмакрат і антыфашыст Артур Віле Шадэ. У Беластоку ён афіцыйна кіраваў тэкстыльным камбінатам. Перад уцёкамі з гета ў партызаны я сустракаўся з Шадэ. Ён падарыў мне бельгійскі карабін. Ужо будучы ў партызанах, я ацаніў падарунак - зброя ў нас была на вагу золата.

Да злучэння з Чырвонай Арміяй больш за палову атрада загінула. Астатнія жылі ў зямлянках. Харчаванне сабе здабывалі ў вёсках або захоплівалі нямецкі абоз. У асноўным займаліся дыверсіяй у нямецкім тыле і дапамагалі савецкім ваеннапалонным.

Непадалёк ад нашай дыслакацыі знаходзіўся невялікі лагер для савецкіх ваеннапалонных. Мы перабілі нямецкую ахову і 50 чалавек вызвалілі. Роўна палова з іх перайшла да нас у партызаны».

З кнігі «Вялікая Айчынная вайна ў лёсах супрацоўнікаў Купалаўскага ўніверсітэта», аўтар-складальнік - Андрэй Гецэвіч.