Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 27 Сакавік 2020 11:56

Рэкордная колькасць заявак паступіла ў ГрДУ імя Янкі Купалы для ўдзелу ў Рэспубліканскім маладзёжным фестывалі-конкурсе «Медыясфера-2020»

medai2020За перамогу ў конкурсе будуць змагацца 347 прац. Гэта ў 2,5 разы больш, чым у 2019 годзе.

Фестываль праводзіцца ў год, абвешчаны Годам малой радзімы ў Рэспубліцы Беларусь, і ў год 80-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. У сувязі з гэтым ключавымі тэмамі фестывальных работ удзельнікаў сталі «Можа, мала сябры яшчэ знаюць наш край» і «ALMA MATER у маім лёсе». У рамках фестывалю праводзіцца конкурс «Радкi памяцi», прымеркаваны да 75-годдзя Перамогі Савецкага народа ў Вялікай Айчыннай вайне.

Сярод тых, хто падаў заяўкі ў катэгорыі «Юніёры» - прадстаўнікі школ, дзіцячых цэнтраў, гімназій, каледжаў з Гродна і Гродзенскай вобласці. Гэта рабяты з Шчучына, Азёраў, Зэльвы, Слоніма, Ваўкавыска, Дзятлава, Скідзеля, Радуні, Ліды, Ашмянаў, Астраўца, Навагрудка і інш. Удзельнікамі адборачнага тура таксама сталі навучэнцы з Мінска, Віцебска, Брэста, Магілёва, Дзяржынска, Салігорска, Маладзечна, Бабруйска, Жодзіна, Полацка, Вілейкі, Барысава, Асіповічаў, Пінска і інш.

У катэгорыі «Профі» заяўкі падалі студэнты 12 беларускіх універстэтаў з Мінска, Баранавічаў, Гомеля, Віцебска, Магілёва, Пінска і Гродна. Гэта Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт інфарматыкі і радыёэлектронікі, Мінскі дзяржаўны лінгвістычны ўніверсітэт, Беларуская дзяржаўная акадэмія мастацтваў, Баранавіцкі дзяржаўны ўніверсітэт, Беларускі дзяржаўны ўніверсітэт транспарту, Віцебскі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт, Віцебскі дзяржаўны ўніверсітэт імя П.М. Машэрава, Гомельскі дзяржаўны ўніверсітэт, Гомельскі дзяржаўны тэхнічны ўуніверсітэт імя П.В. Сухога, Магілёўскі дзяржаўны ўніверсітэт ім. А. А. Куляшова, Палескі дзяржаўны ўніверсітэт і ГрДУ імя Янкі Купалы.

Варта адзначыць, што журы фестывалю ўжо пачало работу. Над ацэнкай работ у пяці намінацыях - «Друкаванае СМІ», «Электроннае СМІ (ТБ, радыё)», «Фотапраект», «Інтэрнэт-праект», «Камунікацыйны праект» - працуюць 20 членаў журы, у склад якога ўваходзяць кіраўнікі друкаваных і электронных сродкаў масавай інфармацыі, прафесійныя журналісты, фатографы, прадстаўнікі прыватных кампаній у сферы масавых камунікацый, выкладчыкі кафедры журналістыкі ГрДУ імя Янкі Купалы. Дата правядзення II Рэспубліканскага маладзёжнага фестывалю-конкурсу «Медыясфера-2020» удакладняецца.

Фестываль праходзіць пры падтрымцы Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Міністэрства інфармацыі Рэспублікі Беларусь, Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.