Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 18 Сакавік 2020 16:12

Урачыстае ўручэнне дыпломаў аб прысуджэнні вучонай ступені кандыдата фізіка-матэматычных навук і вучонай ступені PhD (Doctor of Philosophy) адбылося ў ГрДУ імя Янкі Купалы

18653 1З рук першага прарэктара Купалаўскага ўніверсітэта Алега Раманава адразу два дыпломы атрымала грамадзянка Кітайскай Народнай Рэспублікі Ян Чэнь, якая падрыхтавала дысертацыйныя даследаванні пад кіраўніцтвам доктара фізіка-матэматычных навук, прафесара Івана Платонавіча Мартынава. Цырымонія ўручэння дыпломаў адбылася 18 сакавіка.

Віншуючы Ян Чэнь, начальнік аддзела падрыхтоўкі і атэстацыі навуковых работнікаў вышэйшай кваліфікацыі Алена Мялешка адзначыла, што дзякуючы волі, свядомай дысцыпліне і працавітасці дзяўчына дасягнула высокага выніку ў навуковай дзейнасці. Яна з'яўляецца сёння годным прыкладам не толькі для замежных аспірантаў, але і беларускіх маладых навукоўцаў.

Дэкан факультэта матэматыкі і інфарматыкі Алена Лівак падкрэсліла, што Ян Чэнь стала сувязным звяном паміж нашым універсітэтам і Чунцінским політэхнічным універсітэтам ў Кітаі. Будучы IT-спецыялістам, дзяўчына зрабіла каласальную працу, самастойна вывучыўшы рускую мову і з дапамогай навуковага кіраўніка асвоіўшы фундаментальную матэматычную навуку.

З бацькоўским клопатам да маладога навукоўца звярнуўся навуковы кіраўнік - доктар фізіка-матэматычных навук, прафесар кафедры матэматычнага аналізу, дыферэнцыяльных раўнанняў і алгебры Іван Платонавіч Мартынаў. Ён пажадаў сваёй падапечнай стаць паважаным спецыялістам і, вядома ж, звязаць свой далейшы лёс з «царыцай навук» - матэматыкай, а таксама ніколі не забываць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.

Нагадаем, абарона кандыдацкай дысертацыі на тэму «Аналітычныя і якасныя ўласцівасці дыферэнцыяльнага раўнання і сістэм трэцяга парадку» грамадзянкі КНР Ян Чэнь адбылася 1 лістапада 2019 года ў савеце па абароне дысертацый К 02.14.02 пры Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы. Гэта другая абарона кандыдацкай дысертацыі па матэматыцы грамадзяніна КНР у Купалаўскім універсітэце.