Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 17 Сакавік 2020 14:47

Сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць” прайшла ў ГрДУ імя Янкі Купалы

18638 1 У межах мабільнага фармату жывых рэдактарскіх лекцый “МаладосTEAM на ўвесь свет”, распрацаваных спецыяльна для студэнтаў устаноў вышэйшай адукацыі,   адбылася сустрэча з галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць” Святланай Воцінавай. Мерапрыемства прайшло ў чытальнай зале навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы 16 сакавіка.

“Маладосць” – штомесячны літаратурна-мастацкі і грамадска-палітычны ілюстраваны часопіс, дзе друкаваліся знакамітыя беларускія пісьменнікі, працавалі вядомыя дзеячы беларускай літаратуры. Ён выдаецца з красавіка 1953 года на беларускай мове ў горадзе Мінск.

У межах сустрэчы студэнты філалагічнага факультэта і факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму даведаліся пра гісторыю ўзнікнення і развіцця часопіса, яго рубрыкі, праекты, працу рэдакцыі і ўдзел у разнастайных конкурсах. Завяршылася сустрэча гульнёй: Святлана Воцінава прапанавала выцягнуць паперкі з выразамі, у якіх неабходна было выправіць памылкі, якія часта сустракаюцца ў творах маладых аўтараў. Разам з тым разыгралі прызы ад “Маладосці”.

Трэба адзначыць, што ў часопіс могуць дасылаць свае творы ўсе жадаючыя. Асноўныя ўмовы – якасная проза/паэзія, беларуская мова і ўзрост аўтара да 35 гадоў.

 

Даведка:

Цыкл лекцый “МаладосTEAM на ўвесь свет” уключае тэмы, актуальныя як для будучых лінгвістаў, філолагаў, журналістаў, выдаўцоў, так і ўвогуле для прадстаўнікоў творчай мэтанакіраванай моладзі. Адны з іх маюць пераважна асветніцкі характар, іншыя знаёмяць непасрэдна з выданнем. Анкетаванне, якое праводзіцца падчас лекцыі, дапаможа часопісу дэтальна пабачыць сваю аўдыторыю, а студэнтам дасць магчымасць даведацца пра часопіс і перспектывы супрацоўніцтва з рэдакцыяй.