Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 06 Сакавік 2020 08:41

У ГрДУ імя Янкі Купалы павіншавалі жанчын з надыходзячым святам 8 Сакавіка

8martaНа ўрачыстым мерапрыемстве, прысвечаным Міжнароднаму жаночаму дню, у адрас выкладчыц, супрацоўніц і студэнтак Купалаўскага ўніверсітэта гучалі самыя цёплыя словы і пажаданні.

Напярэдадні вясновага свята на канцэрт былі запрошаны выкладчыкі і ветэраны працы, актыўныя прадстаўніцы грамадскіх аб'яднанняў і лідэры навукова-педагагічнай дзейнасці, пераможцы і ўдзельніцы спартыўных спаборніцтваў і творчых праектаў.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка павітала ўсіх, хто напярэдадні вясновага жаночага свята сабраўся ў Купалаўскім універсітэце:

- Я ад усёй душы жадаю павіншаваць вас з гэтым выдатным надыходзячым святам. Сёння я хачу казаць вам кампліменты. Дзякуй вам за вашу прыгажосць і неабыякавасць, за тое, як вы прыгожа, па-жаночаму, ставіцеся да сваёй працы і калегаў, студэнтаў. Такое шчасце, што мы можам бачыць свет вачыма жанчыны, адчуваць, быць мамамі і бабулямі! Я шчыра віншую вас, жадаю моцнага здароўя і ўсяго самага добрага!

Ірына Кітурка таксама ўручыла лісты падзякі Гродзенскага абласнога савета дэпутатаў вядучаму спецыялісту па кадрах аддзела кіравання персаналам Цэнтра кадравай і прававой работы Людміле Ціплашэвіч. Граматай універсітэта за добрасумленную плённую працу, высокія дасягненні ў прафесійнай дзейнасці і ў сувязі з 80-годдзем універсітэта адзначана старшы інспектар па кадрах аддзела кіравання персаналам Цэнтра кадравай і прававой работы Ганна Шуневіч і намеснік начальніка Цэнтра па сувязях з грамадскасцю, начальнік аддзела ўнутрыкарпаратыўных камунікацый Алена Кулеш.

У гэты дзень гучныя апладысменты гучалі ў адрас жаночай валейбольнай каманды «Камунальнік ГрДУ», якая ў чарговы раз стала першай у міжнародных спаборніцтвах па валейболе на Кубак рэктара.

Павіншаваў жаночую палову Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы старшыня прафсаюзнага камітэта ўніверсітэта Ігар Кергет:

- На працягу ўсяго жыцця нас атачаюць жанчыны: мамы, бабулі, настаўнікі, дзяўчаты, жонкі. Нават у цяжкія моманты, калі трэба прыняць дакладнае рашэнне, жанчына карыстаецца пачуццямі. Я жадаю, каб у вашым жыцці было больш вясны, вакол вас, на працы і дома, былі тыя, хто заўсёды кіруецца пачуццямі, тады ўсім нам будзе цяплей, прасцей і прыгажэй. Са святам!

Музычныя падарункі для ўдзельніц мерапрыемства гучалі ад студэнтаў Купалаўскага ўніверсітэта, а ў завяршэнне канцэрта кожная жанчына атрымала кветкі і салодкі сюрпрыз.