Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 04 Сакавік 2020 08:51

Універсіяда па грэка-рымскай барацьбе праходзіць у ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 20200303 193558 433Урачыстае адкрыццё спаборніцтваў, якія аб'ядналі спартсменаў з 20 універсітэтаў Беларусі, адбылося 3 сакавіка.

Рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла, што праводзіць турнір у Гродне ўжо стала традыцыяй:

- Не выпадкова ўдзельнікі збіраюцца ў нашым горадзе, бо традыцыі грэка-рымскай барацьбы вельмі моцныя і ў Гродне, і ў Купалаўскім універсітэце. Варта адзначыць, што 2020 год асаблівы для ўсяго свету, таму што ў гэтым годзе адбудуцца чарговыя Алімпійскія гульні. Я жадаю ўсім сумленнай адкрытай барацьбы і хай пераможа наймацнейшы!

У сваю чаргу старшыня Беларускай федэрацыі барацьбы Камандар Маджыдаў падкрэсліў, што Купалаўскі ўніверсітэт - гэта кузня спартыўных кадраў:

- Дзякуючы Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы мы можам бачыць такіх таленавітых спартсменаў, якія сёння ўслаўляюць нашу краіну на разнастайных чэмпіянатах.

Ён павіншаваў калектыў ГрДУ імя Янкі Купалы з юбілеем, падзякаваў за высокі ўзровень арганізацыі турніру, а таксама ўручыў Ірыне Кітурка падзяку за выдатную падрыхтоўку і стварэнне спрыяльных умоў для развіцця барацьбы ва ўніверсітэце.

Варта адзначыць, што, пачынаючы з 2011 года, зборная каманда ГрДУ імя Янкі Купалы з'яўляецца пераможцам Рэспубліканскай універсіяды. Акрамя таго, Купалаўскі ўніверсітэт мае слаўныя спартыўныя традыцыі па грэка-рымскай барацьбе. Два прадстаўнікі нашага ўніверсітэта з'яўляюцца прызёрамі Алімпійскіх гульняў (г. Атланта, 1996): Аляксандр Паўлаў стаў срэбным прызёрам, а Валерый Цыленьць - бронзавым.