Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 26 Люты 2020 15:04

У ГрДУ імя Янкі Купалы ўпершыню праходзіць абласны этап конкурсу «WorldSkills Belarus» па кампетэнцыі "Пачатковая адукацыя"

18333 93Удзел у спаборніцтвах прафесійнага майстэрства прымаюць навучэнцы Ваўкавыскага і Лідскага каледжаў, а таксама студэнтка педагагічнага факультэта Купалаўскага ўніверсітэта.

 

Праходзячы выпрабаванні абласнога этапу, удзельнікі павінны паспяхова справіцца з заданнямі двух модуляў: «Агульнакультурнае развіццё» і «Агульнапрафесійнае развіццё». Прадстаўнікі экспертнай групы, у сваю чаргу, ацэняць якасць загадзя падрыхтаванай канкурсантамі самапрэзентацыі, а таксама ўзровень іх прафесійных уменняў пры распрацоўцы і правядзенні занятку з выкарыстаннем інтэрактыўнага абсталявання і фрагмента віртуальнай экскурсіі.

- У гэтым годзе кампетэнцыя "Пачатковая адукацыя" прадстаўляецца ўпершыню на рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства «WorldSkills», - распавяла дэкан педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Святлана Кострыца. - І ўпершыню ў сценах Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы мы праводзім абласны этап конкурсу па гэтай кампетэнцыі. Для нас гэта важнае і сур'ёзнае мерапрыемства. Думаю, што і ўдзельнікі цяпер вельмі хвалююцца. Таму, адкрываючы спаборніцтвы, самыя першыя і галоўныя словы хачу адрасаваць вам, ўдзельнікі. Удачы вам, а таксама сабранасці і спакою - бо гэта тыя якасці, якія неабходныя настаўніку пачатковых класаў у яго штодзённай працы.

Дарэчы, на развагах менавіта аб асабістых і прафесійных якасцях педагога пабудавала сваю прэзентацыю студэнтка 4 курса педагагічнага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы Эльвіра Паўлючык. Яна перакананая, што прафесія педагога пачатковых класаў адна з самых крэатыўных. Эльвіра мае намер і далей развівацца ў прафесіі, а ўдзел у конкурсе «WorldSkills», несумненна, адкрые новыя перспектывы. За званне пераможцы абласнога этапу конкурсу прафесійнага майстэрства ў кампетэнцыі «Пачатковая адукацыя» таксама змагаюцца прадстаўніцы двух каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы - Ваўкавыскага і Лідскага: Івона Ядэшка і Ганна Лаўрова з'яўляюцца навучэнцамі Ваўкавыскага каледжа, а Ірэна Шыбоўская асвойвае прафесію педагога ў Лідскім каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы.

- Спачатку канкурсанткі прэзентавалі сябе ў рамках невялікага пяціхвіліннага выступу. Другая частка конкурснага дня прадугледжвае больш працяглую i напружаную працу удзельніц. На працягу трох гадзін у рэжыме онлайн яны будуць рыхтавацца да выканання задання, якое атрымалі. У іх распараджэнні - уся неабходная тэхніка, матэрыялы і падручнікі. Затым канкурсанткі будуць даваць урок для валанцёраў, - распавяла дацэнт кафедры прыродазнаўчых і лінгвістычных дысцыплін і методык іх выкладання ГрДУ імя Янкі Купалы Алена Лапкоўская.

Па выніках абласнога этапу конкурсу «WorldSkills Belarus» удзельніцам будуць уручаны дыпломы I, II і III ступені. Пераможца прадставіць Гродзенскую вобласць на заключным этапе конкурсу прафесійнага майстэрства «WorldSkills Belarus 2020».