Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 24 Люты 2020 09:50

Фестываль педагагічных класаў у Дзень нараджэння ГрДУ імя Янкі Купалы аб'яднаў навучэнцаў і педагогаў Гродна і Гродзенскай вобласці

IMG 20200222 191348 866У Купалаўскім універсітэце Фестываль педагагічных класаў праходзіць у другі раз. У гэтым годзе - 22 лютага ў дзень 80-годдзя Alma mater.

 

Удзельнікамі мерапрыемства сталі 29 каманд. Дыстанцыйна да фестывалю далучыліся дзве каманды з Валгаграда.

Словы пажадання ў адрас педагогаў і навучэнцаў накіравала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

- Я шчыра ўдзячная вам, што вы прыехалі ў Купалаўскі ўніверсітэт, каб раздзяліць з намі свята – Дзень нараджэння ўніверсітэта. Сёння ў гэтай зале пануе маладосць, крэатыў, юнацтва і пры гэтым – вельмі цікавы погляд у будычыню. Я жадаю, каб вы здолелі праявіць свой талент,пазнаёміліся адзін з адным і знайшлі сяброў.

Ірына Кітурка падкрэсліла, што яе жыццё таксама звязана з прафесіяй педагога:

- Я прайшла свой шлях ад настаўніка да рэктара. Я выкладала вучням гісторыю, а яны – вучылі мяне любіць дзяцей. Калі вы станеце настаўнікамі, не забывайце, што важны не тольки той прадмет, які вы выкладаеце, а любоў да дзяцей.

Асаблівую актуальнасць прафесіі «Педагог» незалежна ад часу і развіцця тэхналогій адзначыў начальнік галоўнага ўпраўлення адукацыі Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Руслан Абрамчык:

- На фестывалі сабраліся тыя, хто ўпэўнен: будучыня залежыць ад педагога. Яшчэ з маладосці педагог адчувае сваё прызванне вучыць, дзяліцца ведамі, накіроўваць іншых, арганізоўваць калектыў для дасягнення мэтаў. Гэта людзі, якія знаходзяць агульную мову з іншымі, таму не дзіўна, што настаўнік – гэта прафесія, якая адкрывае дарогу да многіх накірункаў дзейнасці. Жадаю ўсім плёну ў сённяшнім конкурсе, упартасці ў жыцці для таго, каб дабівацца сваіх мэтаў і гадаваць наступныя пакаленні людзей з іскрыстымі вачыма!

У рамках фестывалю вучні 10-11 класаў, у якіх вывучаецца праграма факультатыва «Прафесія - педагог» або «Уводзіны ў педагагічную прафесію», і іх настаўнікі сваім прыкладам паказваюць, што прафесія педагога - гэта ў першую чаргу творчасць. Так, у фармаце візітоўкі ўдзельнікі прадставілі сваю каманду і школу, а таксама павіншавалі Купалаўскі ўніверсітэт з Днём нараджэння. Рабяты дэманстравалі гумарыстычныя замалёўкі, спявалі, чыталі вершы. Сярод заданняў - відэапрэзентацыя свайго класа, хатняе заданне «Педагог - гэта стыльна! Класна! Адказна! Перспектыўна! ... » і насценгазета «Адзін дзень з жыцця педагога 2050 года», а таксама іншыя творчыя і інтэлектуальныя конкурсы. Асобна арганізаваны конкурс для педагогаў «Мае вучні - мой педагагічны працяг». Акрамя таго, на працягу ўсяго дня ва ўдзельнікаў ёсць магчымасць пагутарыць са студэнтамі і кіраўніцтвам ГрДУ імя Янкі Купалы.

Як адзначаюць арганізатары, адна з галоўных мэтаў фестывалю - фарміраванне ў вучняў станоўчай матывацыі да педагагічнай дзейнасці і ўсвядомленай пазітыўнай ўстаноўкі на выбар прафесіі педагога. Акрамя таго, фестываль накіраваны на кансалідацыю дзейнасці педагогаў, якія ажыццяўляюць падрыхтоўку навучэнцаў профільных класаў, развіццё супрацоўніцтва ўстаноў агульнай сярэдняй адукацыі, дзе ёсць педагагічныя класы, з універсітэтам. Фестываль накіраваны на выяўленне і развіццё творчых здольнасцяў навучэнцаў педагагічных класаў, схільнасці да прафесійнай дзейнасці ў сферы педагогікі. Таксама ў ліку задач мерапрыемства - папулярызацыя педагагічных спецыяльнасцяў ГрДУ імя Янкі Купалы, і падтрымка будучых абітурыентаў універсітэта.

Арганізатарамі фестывалю выступаюць педагагічны факультэт ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з галоўным упраўленнем адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.