Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 21 Люты 2020 14:07

З ЮБІЛЕЕМ, УНІВЕРСІТЭТ! Урачыстае мерапрыемства, прысвечанае 80-годдзю Купалаўскага ўніверсітэта, прайшло ў Гродзенскай абласной філармоніі

IMG 20200220 224136 158У гонар 80-гадовага юбілею на ўрачысты сход былі запрошаны прадстаўнікі ўлады рэспубліканскага і мясцовага ўзроўню. Госці павіншавалі сям'ю купалаўцаў з юбілеем і ўручылі супрацоўнікам універсітэта шматлікія ўзнагароды.

Віншавальны адрас ад імя Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксандра Лукашэнкі зачытаў старшыня Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімір Краўцоў. Віншуючы калектыў, Кіраўнік дзяржавы адзначыў, што Купалаўскі ўніверсітэт па праву прызнаны адным з лепшых ВНУ краіны, і выказаў упэўненасць, што майстэрства і адданасць сваёй справе выкладчыкаў, талент і імкненне да ведаў студэнтаў заўсёды будуць служыць найважнейшым стратэгічным мэтам краіны - інтэлектуальнаму развіццю нацыі, падрыхтоўцы спецыялістаў з дзяржаўным мысленнем і жаданнем працаваць на карысць роднай Беларусі. Віншавальны адрас быў перададзены рэктару ГрДУ імя Янкі Купалы Ірыне Кітурка.

У сваю чаргу, кіраўнік вобласці Уладзімір Краўцоў падкрэсліў, што Купалаўскі ўніверсітэт уносіць сур'ёзны ўклад у кадравы патэнцыял Гродзеншчыны.

Ён успомніў таксама і аб паспяховай рэалізацыі сумеснага праекта Гродзенскага аблвыканкама і ГрДУ імя Янкі Купалы - стварэнні Навукова-тэхналагічнага парку на базе ўніверсітэта. Гэта важная для рэгіёну пляцоўка, якая дазваляе, у тым ліку, студэнтам і выкладчыкам ўвасабляць свае навуковыя праекты, перадавыя распрацоўкі ў жыццё.

Аб лідэрскіх пазыцыях, якія займае Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы сёння, і пра яго вялікі патэнцыял ў сферы ўкаранення інавацый казаў у сваёй віншавальнай прамове і старшыня Пастаяннай камісіі па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Віктар Лісковіч.

З 80-гадовым юбілеем Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы са сцэны абласной філармоніі павіншаваў таксама намеснік міністра адукацыі Рэспублікі Беларусь Сяргей Руды.

Купалаўскаму ўніверсітэту сапраўды ёсць чым ганарыцца. Толькі за апошнія пяць гадоў, як адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, было зроблена нямала.

Поспехі і дасягненні ГрДУ імя Янкі Купалы падчас урачыстага мерапрыемства адзначалі і іншыя госці, сярод якіх былі прадстаўнікі розных структур і ведамстваў. З віншавальным словам выступіў Генеральны пракурор Рэспублікі Беларусь Аляксандр Канюк. Ён, у прыватнасці, адзначыў высокі ўзровень падрыхтоўкі выпускнікоў Купалаўскага ўніверсітэта, якім заўсёды рады ў органах пракуратуры. Прыехаў павіншаваць родную Alma mater і Міністр юстыцыі Рэспублікі Беларусь Алег Сліжэўскі.

У працяг урачыстай цырымоніі самыя цёплыя словы ў адрас юбіляраў прагучалі ад старшыні прэзідыума Нацыянальнай Акадэміі навук, дырэктара Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслава Даніловіча, а таксама ад старшыні навуковага савета Беларускага фонду фундаментальных даследаванняў, доктара фізіка-матэматычных навук, акадэміка Сяргея Гапоненка. У сваю чаргу, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка падзякавала ўсім удзельнікам свята, ганаровым гасцям, сваім калегам-купалаўцам і студэнтам за шчырыя віншаванні і добрыя пажаданні, за плённае супрацоўніцтва, якое дапамагае ўніверсітэту паспяхова развівацца і становіцца ўсё больш прыкметным не толькі на рэспубліканскім , але і на міжнародным узроўні.

- Дзякую ўсім цяперашнім супрацоўнікам і тых, хто ў розныя гады працуючы ва  ўніверсітэце, заклаў той падмурак, які дапамагае сённяшняму калектыву смела ісці наперад, ставіць перад сабой новыя мэты і дасягаць іх, - звярнулася да залы Ірына Кітурка. - Дзякуй вам усім за тое, што вы ставіцеся да сваёй працы з энтузіязмам і натхненнем. Хачу звярнуцца таксама да студэнтаў. Універсітэту ўжо 80 гадоў, а нашым студэнтам - ад 17 да 23, і так заўсёды. Таму універсітэт - гэта вечная маладосць, студэнцкая вясна, якая не канчаецца ніколі. Менавіта студэнты шчодра дзеляцца з усімі намі, супрацоўнікамі ўніверсітэта, выкладчыкамі, навукоўцамі, адвагай і гатоўнасцю рызыкаваць. Мы ганарымся сваімі выпускнікамі, якія паспяхова рэалізуюць сябе ў прафесіі. Дзякую прадстаўнікам улады, а таксама ўсім структурам і ведамствам, з якімі ў нас наладжана плённае супрацоўніцтва. Толькі разам мы зможам і далей лёгка вырашаць нават самыя складаныя задачы, дасягаць любыя мэты. Дзякуй усім, хто падзяліў з намі радасць ад гэтага свята!

Урачыстае мерапрыемства працягнулася святочным канцэртам. Перад гледачамі выступіў Нацыянальны акадэмічны Вялікі тэатр оперы і балета Рэспублікі Беларусь.

22 лютага ў 18:40 у эфіры тэлеканала "Гродна Плюс" глядзіце тэлеверсію ўрачыстага сходу і святочнага канцэрта, прысвечанага 80-годдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.