Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 19 Люты 2020 14:44

Навукоўцы з васьмі краін сабраліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы, каб абмеркаваць ролю ўніверсітэта ў сучасным свеце

IMG 4249Адкрыццё міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі "Універсітэт - тэрыторыя апераджальнага развіцця" адбылося 19 лютага.

Удзел у прадстаўнічым форуме прымаюць каля 200 навукоўцаў і даследчыкаў з Беларусі, Расіі, Польшчы, Украіны, Казахстана, Літвы, Македоніі, Швейцарыі. На працягу двух дзён яны будуць абмяркоўваць стратэгіі апераджальнага развіцця ўніверсітэта, а таксама дзяліцца вопытам міжнароднага супрацоўніцтва паміж установамі вышэйшай адукацыі.

- Мы падтрымліваем ідэю, што ўніверсітэт сёння павінен стаць драйверам развіцця сучаснага грамадства, - адзначыў у сваім прывітальным слове падчас адкрыцця канферэнцыі першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў. - Бо менавіта ва ўніверсітэце адбываецца фарміраванне чалавечага патэнцыялу, тут генеруюцца фундаментальныя і прыкладныя веды, неабходныя грамадству для яго развіцця. Упэўнены, што сённяшняя канферэнцыя паспрыяе вырашэнню задачы фарміравання такога тыпу ўніверсітэта, які дапамагае грамадству рухацца па шляху прагрэсу.

Падчас адкрыцця канферэнцыі былі прадстаўлены два пленарныя даклады. Аб 80-гадовай гісторыі Купалаўскагаўніверсітэта і яе ролі ва ўдасканаленні адукацыйнага і выхаваўчага працэсу распавёў прафесар ГрДУ імя Янкі Купалы Віктар Таранцей. У прыватнасці, ён падзяліўся вопытам напісання «Летапісу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы», прэзентацыя якой адбудзецца ў бліжэйшы час.

Пытанні ацэнкі навукі, рэйтынгаў, публікацыйнай актыўнасці ў сваім дакладзе закрануў кіраўнік кірунку навукова-даследчых рашэнняў у Расіі і Цэнтральнай Азіі кампаніі Elsevier Дзмітрый Султанаў. Ён падкрэсліў важнасць міжнароднага супрацоўніцтва для навуковых арганізацый, а таксама адзначыў, што лічыць назву, выбраную для вялікага навуковага форуму, які праходзіць у рамках юбілею ГрДУ імя Янкі Купалы, вельмі ўдалай.

- Агульная тэма канферэнцыі "Універсітэт - тэрыторыя апераджальнага развіцця" цалкам адлюстроўвае сучасныя сусветныя тэндэнцыі, - заўважыў Дзмітрый Султанаў. - Бо цяпер ўніверсітэты - гэта не толькі ўстановы адукацыі, але і цэнтры навуковай дзейнасці. Больш за тое ўсё часцей мы кажам і аб камерцыялізацыі навукі.

У сваю чаргу, прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі адзначыў, што наш універсітэт ужо ідзе па гэтым шляху развіцця. У цяперашні час купалаўцы актыўна выбудоўваюць мадэль «Універсітэт 3.0», якая і прадугледжвае аб'яднанне на базе адной установы трох складнікаў: адукацыі, навукі і камерцыйнай дзейнасці.

Абмеркаванне актуальных пытанняў працягнулася падчас секцыйных пасяджэнняў. Секцыі былі прысвечаны тэмам: «Універсітэт як рухаючая сіла лічбавай трансфармацыі эканомікі», «Фундаментальныя і прыкладныя навуковыя даследаванні як аснова апераджальнага развіццяя», «Перспектывы гуманітарнай адукацыі ў эпоху лічбавых трансфармацый», «Лічбавая трансфармацыя адукацыі як фактар ​​апераджальнага развіцця».

У другі дзень канферэнцыі пройдзе пленарнае пасяджэнне, падчас якога плануюць выступіць рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, рэктар Санкт-Пецярбургскага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэта Ігар Максмцаў, рэктар Нацыянальнага дзяржаўнага ўніверсітэта фізічнай культуры, спорту і здароўя імя П. Ф. Лесгафта Сяргей Бакулеў, прарэктар па развіцці ўніверсітэта ў Беластоку Яраслаў Мацвяюк, прарэктар па міжнародных сувязях Чарнавіцкага нацыянальнага ўніверсітэта імя Юрыя Федзьковіча Пётр Фачук і прарэктар па стратэгічным развіцці Акцюбінскага рэгіянальнага дзяржаўнага ўніверсітэта імя К. Жубанава Куанышбек Шункееў.

Усе ўдзельнікі міжнароднай навукова-практычнай канферэнцыі «Універсітэт - тэрыторыя апераджальнага развіцця» таксама далучацца да ўрачыстых святочных мерапрыемстваў, якія праводзяцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы напярэдадні 80-гадовага юбілею.