Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 17 Люты 2020 17:20

Адкрыццё выставы «Майстры і вучні» прайшло ў ГрДУ імя Янкі Купалы

18218 6Творчыя работы педагогі-мастакі і студэнты факультэта мастацтваў і дызайну прадставілі ў галерэі «Universum»

Выстава «Майстры і вучні» з нагоды 80-годдзя Купалаўскага ўніверсітэта адкрылася, каб пазнаёміць усіх жадаючых з вынікамі творчай працы купалаўцаў. Сёння работы са сваіх аўтарскіх калекцый, выкананыя ў жанрах нацюрморта, пейзажа і сюжэтнай кампазіцыі, тут прадставілі педагогі-мастакі. Таксама можна ўбачыць і творчыя працы іх вучняў – студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну. На выставе студэнты імкнуліся прадэманстраваць набытыя і ўдасканаленыя падчас вучобы прафесійныя навыкі і ўменні – праз курсавыя і дыпломныя работы.

З прывітальным і віншавальным словам перад прысутнымі выступіла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна адзначыла, што галоўнае багацце і гонар ўніверсітэта – яго супрацоўнікі і студэнты. А таму назва выставы – «Майстры і вучні» – вельмі сімвалічная, адлюстроўвае сувязь пакаленняў праз настаўнікаў і тых, хто толькі робіць ў мастацтве свае першыя крокі.

Сапраўды, кожны майстар марыць, каб вучні пераўзышлі яго. Тады талент майстра становіцца яшчэ больш знакамітым. З гэтай нагоды я хачу пажадаць сённяшнім вучням стаць майстрамі, навучыцца ў сваіх настаўнікаў таму, што потым вы зможаце з годнасцю передаваць далей.

Здольнасць абудзіць талент і цягу да творчасці, раскрыць творчы патэнцыял студэнта – нялёгкая задача. Але яе паспяхова рэалізоўваюць выкладчыкі Купалаўскага ўніверсітэта. Так, сярод прац, прадстаўленых на выставе, – жывапісная творчасць старшыні Гродзенскай абласной арганізацыі «Беларускі саюз мастакоў» Мікалая Бандарчука. Мікалай Трафімавіч доўгі час выкладаў на кафедры выяўленчага мастацтва і падчас адкрыцця выставы завітаў, каб павіншаваць усіх удзельнікаў, а таксама прэзентаваць універсітэту фаліянт творчых работ, выдадзены ў гонар 75-годдзя ўтварэння Гродзенскай вобласці – у ім таксама прадстаўлены працы студэнтаў і супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы.

Традыцыйна ў знак адкрыцця выставы ў галерэі «Universum» яе удзельнікі сумесна з рэктарам універсітэта Ірынай Кітурка запалілі паладыум мастацтваў. Пасля завяршэння святочнага мерапрыемства арганізатары запрасілі ўсіх жадаючых да экскурсіі і агляду экспазіцыі.