Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 17 Люты 2020 16:46

У ГрДУ імя Янкі Купалы адкрылі абноўленую галерэю рэктараў універсітэта

photo 2020 02 15 23 30 43Экспазіцыю дапоўніў партрэт Андрэя Дзмітрыевіча Караля, рэктара ГрДУ імя Янкі Купалы з 2013 па 2017 гады.

 

 

Адкрыццё абноўленай экспазіцыі прымеркавалі да 80-гадовага юбілею ўніверсітэта. У мерапрыемстве прянзялі ўдзел студэнты, выкладчыкі і супрацоўнікі ўніверсітэта.

- За час, на працягу якога Андрэй Дзмітрыевіч кіраваў універсітэтам, былі дасягнуты значныя вынікі ў дзейнасці ГрДУ імя Янкі Купалы і рэалізаваны шэраг значных праектаў, - адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Андрэй Дзмітрыевіч актыўна падтрымліваў канцэпцыю «Універсітэт-музей», часткай якой з'яўляецца галерэя партрэтаў рэктараў універсітэта. А гістарычная лесвіца ў старым корпусе Марыінскай гімназіі, аформленая так, каб і студэнты, і госці маглі адразу ж атрымаць уяўленне аб тым, як праходзіла станаўленне ўніверсітэта, - гэта таксама ідэя Андрэя Дзмітрыевіча Караля. Мы цэнім яго вялікі ўклад у развіццё ўніверсітэта.

Цырымонія адкрыцця абноўленай экспазіцыі прайшла з удзелам Андрэя Караля. Ён, не хаваючы эмоцый, падзяліўся, што для яго гэта хвалюючая падзея.

- Я ўдзячны за цёплыя словы, а таксама за тое, што сёння я, быццам бы з дапамогай машыны часу, ненадоўга вярнуўся ў мінулае. За тыя гады, на працягу якіх я быў рэктарам Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, я шмат чаму навучыўся. Я ўдзячны тым людзям, з якімі мне давялося працаваць тут, ва ўніверсітэце, - сказаў Андрэй Кароль.

Аўтарам партрэта Андрэя Караля, які папоўніў экспазіцыю галерэі рэктараў універсітэта, стаў загадчык кафедры дызайну факультэта мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы, дацэнт, член Беларускага Саюза мастакоў Антон Ляшчынскі. Ён жа напісаў большасць партрэтаў, прадстаўленых у пастаяннай экспазіцыі галерэі рэктараў універсітэта. Антон Ляшчынскі падзякаваў кіраўніцтву і тым людзям, над чыімі партрэтамі ён працаваў, за аказаны давер. Вынік рэалізацыі мастацкай задумы аўтара госці і супрацоўнікі ўніверсітэта ацанілі адразу ж пасля таго, як была завершана афіцыйная частка мерапрыемства. На працягу святочнага тыдня новыя партрэты дапоўняць і галерэю прафесараў ГрДУ імя Янкі Купалы.