Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 11 Люты 2020 16:17

Купалаўскі ўніверсітэт і Гродзенская праваслаўная епархія вызначылі кірункі супрацоўніцтва на 2020 год

IMG 20200206 175043 470Новую праграму супрацоўніцтва рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка і Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій падпісалі сёння, 6 лютага.

Дакумент прадугледжвае рэалізацыю сумесных праектаў у розных напрамках: правядзенне навукова-даследчай работы і інавацыйнай дзейнасці, а таксама арганізацыя мерапрыемстваў выхаваўчага і сацыяльнага характару.

- Гэта ўжо традыцыйнае для нас мерапрыемства, - адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. - Мы сустракаемся ў пачатку кожнага года, каб абмеркаваць, у якіх кірунках мы будзем працаваць далей. І я вельмі рада, што дамова, якая была падпісана паміж Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы і Гродзенскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы, паспяхова рэалізуецца, і пастаянна з'яўляюцца новыя праекты.

У сваю чаргу, Архіепіскап Гродзенскі і Ваўкавыскі Арцемій адзначыў, што гэтае супрацоўніцтва і правядзенне адукацыйных і духоўных мерапрыемстваў, а таксама сумесная валанцёрская дзейнасць узбагачаюць як прадстаўнікоў царквы, так і студэнтаў і супрацоўнікаў універсітэта.

Змест дагавора паміж Купалаўскім універсітэтам і Гродзенскай праваслаўнай епархіяй штогод падмацоўваецца новай праграмай супрацоўніцтва, якая падпісваецца бакамі падчас афіцыйнай сустрэчы. У праграме адлюстроўваюцца ўсе сумесныя мерапрыемствы на бліжэйшы год.

Так, сярод запланаваных на 2020 год мерапрыемстваў - удзел прадстаўнікоў універсітэта ў Міжнародным фестывалі праваслаўных песнапенняў «Каложскі благавест», арганізацыя і правядзенне навуковай канферэнцыі, прысвечанай 500-годдзю Жыровіцкага Свята-Успенскага манастыра, і IX Навукова-адукацыйныя Каложскія чытанні, а таксама шматлікія літаратурныя выставы, адукацыйныя лекцыі, выхаваўчыя гутаркі і духоўныя сустрэчы.

Акрамя таго, у гэтым годзе на базе Купалаўскага ўніверсітэта і Гродзенскай епархзіі пройдзе канферэнцыя, якая будзе прысвечана памяці прапаведніка Лявонція Карповіча. Навуковы форум запланаваны на верасень 2020 года. Ужо вядома, што ў канферэнцыі прымуць удзел прадстаўнікі з краін блізкага замежжа.

Дарэчы, у 2019 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы сумесна з Гродзенскай епархіяй Беларускай праваслаўнай царквы было праведзена больш за 70 мерапрыемстваў. Выкладчыкі ўніверсітэта чыталі лекцыі ў парафіях Гродзенскай епархіі і публікаваліся ў навуковых выданнях па тэме гісторыі Беларускай Праваслаўнай царквы і Гродзенскай епархіі. Былі падрыхтаваныя дыпломныя і магістарскія працы па гісторыі Беларускай Праваслаўнай Царквы.

Акрамя таго, супрацоўнікі і студэнты факультэта мастацтваў і дызайну займаліся афармленнем ікон для Свята-Пакроўскага кафедральнага сабора. Ва ўніверсітэце ўжо не адзін год працуюць валанцёрскія атрады, якія супрацоўнічаюць з Гродзенскім дабрачынным грамадствам Гродзенскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы.