Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Люты 2020 12:48

ГрДУ імя Янкі Купалы і Фонд падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў КНР заключылі дагавор аб супрацоўніцтве

18052 4Адпаведны дакумент падпісалі першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў і прадстаўнік Фонду Ціан Дзі.

Падпісанне пагаднення стала вынікам візіта прадстаўніка Дабрачыннага фонду падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў Кітайскай Народнай Рэспублікі Ціана Дзі ў Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы. Госць знаходзіўся ў Гродне на працягу некалькіх дзён і меў магчымасць сустрэцца з прадстаўнікамі розных факультэтаў Купалаўскага ўніверсітэта.

- Упэўнены, што наша супрацоўніцтва будзе прадуктыўным, - адзначыў у час падпісання дамовы аб супрацоўніцтве першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў. - Дарэчы, у нас ва ўніверсітэце створана добрая сістэма работы з адоранай і таленавітай моладдзю. Мяркую, што і наш вопыт, назапашаны ў гэтым кірунку, будзе цікавы і карысны вам.

Прадстаўнік Дабрачыннага фонду падтрымкі навучання і развіцця таленавітых студэнтаў КНР Ціан Дзі, у сваю чаргу, адзначыў, што праекты Фонду падтрымліваюцца на ўзроўні Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, і ён упэўнены, што ГрДУ імя Янкі Купалы будзе надзейным партнёрам у працэсе рэалізацыі сумесных ідэй у сферы адукацыі, навукі і культуры.

Дагавор накіраваны на ўсталяванне акадэмічных, навуковых і культурных сувязяў, забеспячэнне высокай якасці прафесійнай падрыхтоўкі спецыялістаў на аснове прынцыпаў роўнасці, узаемнай выгады, узаемаразумення, павагі і даверу. З моманту падпісання дакумент з'яўляецца прававой асновай для правядзення сумесных навуковых даследаванняў, абмену студэнтамі, магістрантамі і аспірантамі для іх навучання, абмену навуковымі матэрыяламі, выданнямі і інфармацыяй па адпаведных спецыяльнасцях, абмену навукоўцамі і выкладчыкамі для чытання лекцый і правядзення кансультацый, а таксама для іншых адукацыйных і навуковых мэтаў.