Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 04 Люты 2020 12:48

ГрДУ імя Янкі Купалы адзначыць 80-годдзе з дня заснавання

80letМарафон святочных мерапрыемстваў будзе доўжыцца з 14 па 22 лютага.

 

Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы 22 лютага споўніцца 80 гадоў. Да значнай даты ў адным з лепшых універсітэтаў краіны запланаваны шэраг юбілейных мерапрыемстваў. Упершыню ў рэспубліцы 15 лютага ў Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы пройдзе З'езд выпускнікоў. У сценах Alma mater збяруцца людзі, якія ў розныя гады вучыліся ў ГрДУ імя Янкі Купалы і менавіта тут атрымлівалі неабходныя прафесійныя кампетэнцыі, веды, навыкі і ўменні, якія дазволілі ім пасля стаць паспяховымі ў абранай сферы дзейнасці.

У рамках святкавання 80-годдзя ўніверсітэта 19 - 20 лютага пройдзе юбілейная міжнародная навукова-практычная канферэнцыя «Універсітэт - тэрыторыя апераджальнага развіцця». Навукоўцы з Беларусі і краін блізкага замежжа абмяркуюць асаблівасці функцыянавання сістэмы адукацыі ва ўмовах лічбавага грамадства, а таксама ролю ўніверсітэтаў у апераджальным развіцці. У праграме форуму запланаваны круглы стол на тэму «цыфравізацыі навуковай і адукацыйнай дзейнасці».

Сярод урачыстых мерапрыемстваў, прымеркаваных да юбілею ГрДУ імя Янкі Купалы, - пашыранае пасяджэнне Савета ўніверсітэта, якое пройдзе 19 лютага ў канцэртнай зале вучэбнага корпуса па вуліцы Леніна. Працягнецца святкаванне 20 лютага ў зале Гродзенскай абласной філармоніі, дзе адбудзецца ўрачысты сход і святочны канцэрт.

Па традыцыі да Дня нараджэння ўніверсітэта пройдуць спаборніцтвы Міжнароднага турніру па валейболе сярод жаночых каманд на Кубак Рэктара. Чакаецца, што ў гэтым годзе ў турніры, які пройдзе з 17 па 19 лютага прымуць удзел 8 каманд з Беларусі, Расіі і Польшчы - рэкордная за пяцігадовую гісторыю правядзення спаборніцтваў колькасць удзельнікаў.

Сярод падзей, прысвечаных знакавай даце, - выстава карцін выкладчыкаў і студэнтаў факультэта мастацтваў і дызайну «Майстры і вучні». Яе адкрыццё адбудзецца 17 лютага. З 18 лютага ў галоўным корпусе ўніверсітэта можна будзе наведаць фотавыставу дацэнта кафедры журналістыкі Сяргея Марозава «Паветраны Гродна». А 20 лютага ва ўніверсітэце ўрачыста адкрыюць абноўленую экспазіцыю Галерэі партрэтаў рэктараў і прафесараў універсітэта.

Да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы 21 лютага ў Міжнародны дзень роднай мовы студэнты і выкладчыкі ўніверсітэта напішуць "Агульнаўніверсітэцкую Купалаўскую дыктоўку «Знайдзі сябе з намі»". У гэты ж дзень запланавана правядзенне інтэлектуальнага турніру «Мой універсітэт» і шматлікіх студэнцкіх акцый і флэш-мобаў. Так, у рамках студэнцкай акцыі «Нам - 80!» пройдзе гульня «Купала-квэст». Інтэлектуальнае спаборніцтва напярэдадні Дня нараджэння ўніверсітэта 21 лютага аб'яднае прадстаўнікоў розных факультэтаў. Фінальны этап квэста адбудзецца на Плошчы ўніверсітэцкага сцяга, дзе студэнты прымуць удзел у флэш-мобе і выстраяцца ў лічбу «80». Завершыцца акцыя вялікім святочным чаяваннем з тортам. А ўвечары купалаўцаў аб'яднае студэнцкая вечарына «Ноч Alma-mater» у моладзевым цэнтры "Гродна".

У Дзень нараджэння ўніверсітэта, 22 лютага пройдзе II Фестываль педагагічных класаў - унікальнае ў нашай краіне мерапрыемства, якое ў гэтым годзе аб'яднае навучэнцаў педагагічных класаў не толькі з Гродзенскай вобласці, але і з усёй Беларусі. Фестываль праводзіцца з мэтай павышэння прэстыжу педагагічнай прафесіі сярод моладзі, а таксама выяўлення і развіцця творчых здольнасцяў у старшакласнікаў. Фестываль педагагічных класаў стане завяршальным акордам вялікага святкавання 80-годдзя Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Варта адзначыць, што ў марафон святочных мерапрыемстваў уключацца прадстаўнікі ўсіх факультэтаў універсітэта. Цікавымі і запамінальнымі падзеямі ў ГрДУ імя Янкі Купалы будзе напоўнены ўвесь юбілейны год.

 

prodramma