Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 31 Снежань 2019 17:59

Ветэранаў працы запрасілі ў ГрДУ імя Янкі Купалы на пераднавагоднюю сустрэчу

17619 95Святочнае мерапрыемства адбылося ў Купалаўскім універсітэце 30 снежня.

Са словамі віншаванняў да ўдзельнікаў сустрэчы звярнулася рэктар універсітэта Ірына Кітурка. Яна падкрэсліла асаблівы ўклад кожнага ў развіццё Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы:

- Вы вельмі дорагі нашаму ўніверсітэту. Мне пашчасціла ў вас вучыцца, працаваць побач з вамі. Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ўстойліва стаіць на тым падмурку, які дзесяцігоддзямі ствараўся працай яго супрацоўнікаў. Я шчыра вам дзякую за тую неабыякавасць, з якой вы ставіцеся да развіцця ўніверсітэта!

Ірына Кітурка падкрэсліла, што 2019 год стаў вельмі актыўным і прадуктыўным у жыцці ўніверсітэта, а на 2020 ды юбілейны для ГрДУ імя Янкі Купалы, ужо запланавана шмат цікавых падзей.

- Я жадаю, каб у душы кожнага панавала гармонія, спакой, раўнавагf. Каб вы былі здаровыя і шчаслівыя, а ў вашых сем'ях заўсёды жылі любоў, узаемаразуменне і павага! Дарыце шчасце і заставайцеся ў душы такімі ж задорнымі і маладымі!

Старшыня ветэранскай арганізацыі Аляксандр Кудзель падзякаваў кіраўніцтву ўніверсітэта за падтрымку дзейнасці арганізацыі, а старшыня прафсаюзнай арганізацыі ГрДУ імя Янкі Купалы Ігар Кергет пажадаў ў гэтыя святочныя дні кожнаму стаць чараўніком і прыносіць радасць блізкім.

У сваю чаргу, ад асобы ветэранаў працы падзялілася сваімі ўспамінамі і накіравала словы віншаванняў у адрас кіраўніцтва ўніверсітэта і ўсіх удзельнікаў мерапрыемства доктар філалагічных навук, прафесар Марыя Іосіфаўна Канюшкевіч.

Не абышлося на сустрэчы без сімвалаў Новага года: купалаўцы разам вярнуліся ў дзяцінства і дружна паклікалі Дзеда Мароза са Снягуркай, якія падарылі гасцям памятныя падарункі.

Мерапрыемства працягнулася сяброўскім чаяваннем, падчас якога яго ўдзельнікі ўспомнілі маладыя гады і падзяліліся цікавымі гісторыямі з сваёй працоўнай дзейнасці ва ўніверсітэце.