Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 13 Снежань 2019 16:09

Даследчыкаў з шасці краін свету сабраў навуковы форум у ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 1201Міжнародная навуковая канферэнцыя аб’яднала беларускіх і замежных гісторыкаў, сацыёлагаў, палітолагаў, філолагаў і філосафаў.

На працягу двух дзён, 12 і 13 снежня, навукоўцы будуць абмяркоўваць тэму “Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: грамадства, дзяржава, асоба”. У пленарным пасяджэнні, якое адкрыла форум, узялі ўдзел рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя, а таксама дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч.

– Для нас вялікі гонар прымаць сёння такі прадстаўнічы навуковы форум, – адзначыла ў сваім прывітальным слове Ірына Кітурка. – На канферэнцыю да нас прыехалі больш за 160 чалавек з 6 розных краін свету. Акрамя беларускіх, тут прысутнічаюць вучоныя з Украіны, Расіі, Польшчы, Літвы і нават Узбекістана. Адметна, што разважаць пра гісторыю нашай Бацькаўшчыны сабраліся не толькі гісторыкі, але і сацыёлагі, палітолагі, філолагі і філосафы. Маю вялікую надзею, што нашае мерапрыемства акрэсліць новыя цікавыя тэмы, накірункі даследваняў і дазволіць нам абмяняцца тымі нашымі здабыткамі, якія мы ўжо маем.

Сярод тэм, якія абмяркоўваюцца ў рамках навуковага форуму, – палітычная гісторыя, войны і рэвалюцыі ў лёсах беларусаў і народаў Еўропы, эканамічная мадэрнізацыя Беларусі ў кантэксце еўрапейскіх працэсаў, культура Беларусі як частка Еўрапейскай культурнай цывілізацыі. Таксама ўдзельнікі канферэнцыі будуць гаварыць пра канфесіянальную гісторыю Беларусі ў еўрапейскім дыскурсе, паразважаюць пра фактар Беларусі ў глабалізацыі і рэгіяналізацыі як сацыяльных трэндах і падыскутуюць аб ролі Беларусі ў прасторы еўрапейскай міжкультурнай камунікацыі.

– Гэта канферэнцыя – удалая магчымасць для беларускіх навукоўцаў і нашых замежных калег падзяліцца сваімі навуковымі здабыткамі, – расказаў акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Аляксандр Каваленя. – Трэба сказаць, што беларускія гісторыкі вельмі плённа працуюць на працягу апошніх гадоў. Мы штогод рыхтуем і выдаем прыкладна 130 кніжных выданняў. Гэта тая аснова, на якой грунтуецца і развівацца вучэбна-выхаваўчы працэс у вышэйшых навучальных установах. Да прыкладу, нядаўна мы выдалі такую сур’ёзную фундаментальную працу, як “Гісторыя беларускай дзяржаўнасці”, якой дагэтуль у нас не было. Арамя таго, мы выдалі і зрабілі 37-томны гістрычны слоўнік, які зараз вылучаны на дзяржаўную прэмію. Каля 50-ці гадоў вучоныя працавалі над яго стварэннем.

Над падрыхтоўкай выданняў сталічныя навукоўцы працуюць сумесна з калегамі з рэгіёнаў. Трывалае супрацоўніцтва з Інстытутам гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі наладжана і ў Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы.

– У ГрДУ імя Янкі Купалы высокакваліфікаваныя кадры: і кандыдаты навук, і доктары, якія займаюцца рознымі перыядамі гісторыі Беларусі. І мы можам сумеснымі намаганнямі рэалізоўваць розныя праекты. Поле для супрацоўніцтва вельмі шырокае, – расказаў дырэктар Інстытута гісторыі НАН Беларусі Вячаслаў Даніловіч. – Тая дамова аб супрацоўніцтве паміж установамі, якую мы падпісалі, напаўняецца канкрэтнымі справамі. Яскравы прыклад – гэта сённяшні навуковы форум, які праходзіць на базе ГрДУ імя Янкі Купалы пры ўдзеле Інстытута гісторыі НАН Беларусі. Акрамя таго, мы рыхтуем кадры вышэйшай кваліфікацыі для Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў нашай аспірантуры, дактарантуры, супрацоўнічаем з нашымі калегамі-гісторыкамі пры падрыхтоўцы навучальнай літаратуры для сістэмы адукацыі Рэспублікі Беларусь.

У рамках міжнароднай навуковай канферэнцыі “Беларусь у кантэксце еўрапейскай гісторыі: грамадства, дзяржава, асоба”, акрамя пленарнага пасяджэння, прадугледжана работа секцый. Прадстаўленыя падчас форуму вынікі навуковых даследванняў плануецца апублікаваць у зборніку навуковых артыкулаў з уключэннем у базу дадзеных РІНЦ. Вынікі канферэнцыі будуць падведзены 13 снежня. У гэты ж дзень адбудзецца прэзентацыя гістарычных выданняў у бібліятэцы ўніверсітэта.

Арганізатарамі мерапрыемства выступілі Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы і Інстытут гісторыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі. Навуковы форум прымеркаваны да 80-годдзя ГрДУ імя Янкі Купалы і 65-годдзя гістарычнай навукі ў Купалаўскім універсітэце.