Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 22 Лістапад 2019 15:01

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы сустрэліся з прадстаўнікамі кампаніі HUAWEI у межах серыі мерапрыемстваў «ІКТ для малой радзімы»

huaweiДля студэнтаў правялі навучальны семінар, па выніках якога адабралі 10 чалавек для ўдзелу ў рэспубліканскім этапе Міжнароднага конкурсу па інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях.

На сустрэчы з прадстаўнікамі кампаніі HUAWEI прысутнічалі каля 200 студэнтаў, якія навучаюцца ў ГрДУ імя Янкі Купалы на IT-спецыяльнасцях. Як адзначыў у сваім прывітальным выступе прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, Купалаўскі ўніверсітэт быў абраны адной з пляцовак для правядзення семінара-трэнінгу кампаніі HUAWEI невыпадкова. Наш універсітэт - адзін з найбуйнейшых рэгіянальных ВНУ краіны, у якім вялікая ўвага надаецца развіццю інавацый.

- Мы пазіцыянуем сябе як вядучы ўніверсітэт у галіне цыфравізацыі адукацыйнай дзейнасці. Нашымі лічбавымі прадуктамі карыстаюцца ўсе ўніверсітэты горада Гродна. І, важна адзначыць, што ў стварэнні тых ці іншых сэрвісаў прымаюць удзел не толькі супрацоўнікі ўніверсітэта, але і студэнты. Думаю, што тыя кампетэнцыі, якія атрымаюць нашы студэнты сёння на семінары-трэнінгу, будуць ім вельмі карысныя. Магчыма, некаторыя з прысутных тут студэнтаў, будуць рэалізоўваць свае інавацыйныя распрацоўкі, стаўшы рэзідэнтамі нашага Навукова-тэхналагічнага парку, - адзначыў, звяртаючыся да ўдзельнікаў семінара, Юрый Раманоўскі.

Адукацыйны праект для студэнтаў IT-спецыяльнасцяў кампанія HUAWEI рэалізуе на працягу пяці гадоў. Ён накіраваны на развіццё мясцовых талентаў у галіне інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій.

- За 5 гадоў ўдзельнікамі праекта сталі каля 30 тысяч студэнтаў больш чым з 350 універсітэтаў свету. 3600 лепшых студэнтаў атрымалі магчымасць прайсці стажыроўку ў штаб-кватэры кампаніі HUAWEI ў Кітаі. З іх - 80 студэнтаў з універсітэтаў Беларусі, - распавяла кіраўнік аддзела па сувязях з грамадскасцю Еўразійскага рэгіёну кампаніі HUAWEI Дай Яньпэн.

Навучальны семінар для студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы пачаўся з прэзентацыі асноўных напрамкаў дзейнасці міжнароднай кампаніі. Удзельнікам мерапрыемства распавялі аб найноўшых інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогіях, аб хмарных і сеткавых рашэннях, а таксама пра апошнія распрацоўкі кампаніі HUAWEI. Паралельна быў праведзены адборачны тур на Міжнародны конкурс па ІКТ. Па выніках выканання тэставых заданняў былі вызначаны 10 фіналістаў рэспубліканскага этапу. Ім будзе прадастаўлены бясплатны доступ да онлайн-матэрыялаў, і на працягу 15 дзён яны павінны будуць здаць экзамен для праходжання ў фінал. Рэспубліканскі этап прадугледжвае навучанне 10 фіналістаў ў выкладчыкаў ІКТ-інстытута ў сталічным офісе кампаніі. У выніку, тройка лепшых канкурсантаў, у ліку якіх могуць апынуцца і студэнты-купалаўцы, прадставіць Беларусь на міжнародным фінале ў Кітаі.

Адукацыйны праект рэалізуецца ў рамках праграмы па падрыхтоўцы таленавітай моладзі ў сферы інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій пры падтрымцы Міністэрства сувязі і інфарматызацыі і Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь.