Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 25 Кастрычнік 2019 11:55

Гульню-віктарыну «Залацінкі народнай мудрасці» правялі для студэнтаў філалагічнага факультэта супрацоўнікі Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы

16528 5Мерапрыемства адбылося 23 кастрычніка і было прысвечана 95-годдзю з дня нараджэння вядомага беларускага мовазнаўца Івана Якаўлевіча Лепешава.

Адкрыў гульню-віктарыну прафесар кафедры беларускай філалогіі Мікалай Даніловіч і адзначыў, што яго настаўнік – Іван Лепешаў – усё сваё жыццё прысвяціў вывучэнню і папулярызацыі беларускай мовы.

Да апошніх дзён жыцця ён вельмі шмат працаваў, і зрабіў такі аб’ём працы, што гэта здавалася непасільным аднаму чалавеку. Чытаў і перачытваў тых пісьменнікаў, каго шанаваў: Быкава, Купалу, Коласа. Яго галоўным дэвізам было – тварыць, тварыць дзеля таго, каб жыла і ўмацоўвалася родная мова, каб зберагчы яе для нашчадкаў.

Гульня-віктарына складалася з некалькіх тураў і была арыентавана на веданне фразеалогіі і парэміялогіі беларускай мовы, на ўстанаўленне адпаведнасцей моўных адзінак у блізкароднасных мовах. Каманды павінны былі выканаць шэраг заданняў, якія ацэньваліся журы: прыдумаць назву і дэвіз, выкарыстоўваючы фразеалагізмы са слоўнікаў Івана Лепешава, растлумачыць значэнне ўстойлівых выразаў, перакласці фразеалагізмы з рускай мовы на беларускую, назваць як мага больш фразеалагізмаў з адным з прапанаваных слоў і іншае. За прызавыя месцы каманды былі ўзнагароджаны дыпломамі і падарункамі.

Прысутныя таксама актыўна прымалі ўдзел у бліц-апытанні. Кожны з іх атрымаў «Лепешаўскія прысмакі», якія падрыхтавалі супрацоўнікі Навуковай бібліятэкі ГрДУ імя Янкі Купалы, а найбольш актыўныя атрымалі сертыфікаты за ўдзел.

Дырэктар навуковай бібліятэкі Мікалай Грынько ў заключным слове адзначыў, што вельмі сімвалічным з’яўляецца супадзенне дадзенага юбілею з Годам малой Радзімы, бо менавіта праз такія асобы, як Іван Лепешаў, услаўляецца любоў да роднага краю.