Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 16 Кастрычнік 2019 08:47

ГрДУ імя Янкі Купалы і Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў абмеркавалі перспектыўныя кірункі супрацоўніцтва

institutДэлегацыя Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў наведала Купалаўскі ўніверсітэт 15 кастрычніка.

У склад дэлегацыі ўвайшлі намеснік начальніка ўпраўлення ўнутранай палітыкі і сацыялагічных даследаванняў Віталь Пунчанка, начальнік аддзела сацыялагічных даследаванняў кіравання ўнутранай палітыкі і сацыялагічных даследаванняў БІСІ Святлана Алейнікава і саветнік-кансультант сектара ўнутрыпалітычнага аналізу кіравання ўнутранай палітыкі і сацыялагічных даследаванняў БІСІ Алег Карнееў. ГрДУ імя Янкі Купалы на сустрэчы прадставілі першы прарэктар Алег Раманаў, дэканы факультэтаў, загадчыкі кафедраў і прадстаўнікі прафесарска-выкладчыцкага складу.

Варта адзначыць, што Беларускі інстытут стратэгічных даследаванняў быў створаны ў лютым 2019 года. Асноўнымі задачамі інстытута з'яўляюцца інфармацыйна-аналітычнае забеспячэнне дзейнасці дзяржаўных органаў і службовых асоб па стратэгічных напрамках знешняй і ўнутранай палітыкі, правядзенне навуковых даследаванняў стану, тэндэнцый развіцця міжнародных, грамадска-палітычных і сацыяльных працэсаў. Па словах прадстаўнікоў інстытута, яны адкрытыя да супрацоўніцтва і спадзяюцца, што сустрэча стане пачаткам новых плённых узаемаадносін у навукова-даследчай і сацыяльнай сферах.

Так, на мерапрыемстве былі абмеркаваны магчымыя напрамкі сумеснай навукова-даследчай дзейнасці, арганізацыя круглых сталоў і тэматычных сустрэч. Адным з галоўных вектараў супрацоўніцтва ў будучыні можа стаць прыцягненне выкладчыкаў ГрДУ імя Янкі Купалы ў якасці экспертаў у галіне сацыялогіі, камунікацыі, гісторыі, эканомікі, філасофіі і экалогіі. Акрамя таго, у планах у БІСІ - адкрыццё філіяла інстытута ў Гродзенскай вобласці.

У межах сустрэчы абмяркоўвалася распрацоўка курсавых і дыпломных работ, а таксама магістарскіх і доктарскіх дысертацый па заяўках інстытута з наступнымі актамі аб укараненні, правядзенне стажыровак у Беларускім інстытуце стратэгічных даследаванняў і ўдзел студэнтаў-купалаўцаў у розных сацыялагічных даследаваннях, якія праводзяцца БІСІ. Дарэчы, у студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы ёсць вопыт у падобнай дзейнасці: на базе факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму функцыянуе студэнцкая сацыялагічная лабараторыя.

Асаблівую цікавасць у калегаў выклікала праца Інавацыйнага медыйнага кластара. Была таксама закранутая тэма разліку рэальнай і магчымай ацэнкі эфектыўнасці таго ці іншага праекта сумесна з прадстаўнікамі факультэта эканомікі і кіравання, актуальнасці экалагічных пытанняў у сучасным грамадстве і асноўных тэндэнцый развіцця соцыуму з пункту гледжання філасофіі.