Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 02 Кастрычнік 2019 10:18

Трэці працоўны семестр урачыста закрылі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

99992У рамках мерапрыемства 1 кастрычніка былі падведзены вынікі работы студэнцкіх атрадаў і ўручаны  лісты падзякі лепшым байцам, кіраўнікам і прадстаўнікам арганізацый.

Удзельнікамі цырымоніі закрыцця сталі байцы студэнцкіх атрадаў, прадстаўнікі арганізацый, з якімі супрацоўнічае ўніверсітэт па арганізацыі другаснай занятасці студэнтаў і Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Прарэктар па выхаваўчай рабоце Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Васілій Сянько, вітаючы ўдзельнікаў цырымоніі, адзначыў, што здаецца, зусім нядаўна ва ўніверсітэце адкрывалі трэці працоўны семестр, а сёння ўжо падводзяцца яго вынікі:

- Я віншую ўсіх з паспяховым завяршэннем чарговага працоўнага семестра. Вы пагутарылі, пазналі адзін аднаго. Гэты вопыт, які вы набываеце працуючы, неацэнны. Вы ўнеслі свой уклад у развіццё не толькі ўніверсітэта, але і ўсёй Беларусі.

Васілій Васільевіч накіраваў асаблівыя словы падзякі кіраўнікам арганізацый, якія найбольш актыўна супрацоўнічалі з універсітэтам у арганізацыі часовай працоўнай занятасці студэнтаў. Па выніках трэцяга працоўнага семестра падзякамі рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў рамках мерапрыемства адзначаны дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы аздараўленчы лагер «Сузор'е»» Андрэй Мацкевіч, дырэктар дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы аздараўленчы лагер «Зорька юбілейная»» Ларыса Янчук і намеснік дырэктара па асноўнай дзейнасці дзяржаўнай установы адукацыі «Дзіцячы аздараўленчы лагер «Купалінка»» Валянціна Сегень.

У сваю чаргу другі сакратар Гродзенскага гарадскога камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ганна Кісялеўская адзначыла, што ўніверсітэт - гэта не толькі месца, дзе рыхтуюць выдатных спецыялістаў, тут паспяхова фарміруюцца студэнцкія атрады розных профіляў. Ад імя Гродзенскага гарадскога камітэта грамадскага аб'яднання «Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі» Ганна Кісялеўская ўручыла падзяку Гродзенскаму дзяржаўнаму ўніверсітэту імя Янкі Купалы за аказанае садзейнічанне і актыўны ўдзел у развіцці студатрадаўскага руху, арганізацыю другаснай працоўнай занятасці моладзі ў працоўным семестры 2019 года, падтрымку праектаў і праграм Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі.

Падчас цырымоніі закрыцця былі названы лепшыя штабы працоўных спраў ГрДУ імя Янкі Купалы па выніках трэцяга працоўнага семестра 2019 года. Так, самымі актыўнымі сталі інжынерна-будаўнічы, філалагічны, педагагічны факультэт, а таксама факультэт фізічнай культуры і факультэт псіхалогіі. Акрамя таго, лістамі падзякі былі адзначаны 45 лепшых студатрадаўцаў - тыя, хто найбольш актыўна праявіў сябе падчас працы. Лісты падзякі юнакам уручылі начальнік упраўлення выхаваўчай работы з моладдзю Аксана Котава, начальнік вучэбна-метадычнага ўпраўлення Марына Калацэй і начальнік адміністрацыйна-гаспадарчага кіравання Рамуальд Касяноўскі.

Ад імя ўсіх байцоў падзякавала ўніверсітэту і прадстаўнікам арганізацый за выдатную магчымасць праявіць сябе падчас працы ў атрадах камандзір студэнцкага педагагічнага атрада "Сузор'е-5", студэнтка 5 курса педагагічнага факультэта Кацярына Гануцына.

Нагадаем, што ў гэтым годзе на працягу ўсяго трэцяга працоўнага семестра студэнты ўніверсітэта і навучэнцы каледжаў працавалі на Усебеларускай маладзёжнай будоўлі, у аздараўленчых лагерах Беларусі і Расіі, прадпрыемствах рэгіёну і на аб'ектах роднай alma mater.

 Усяго ўдзельнікамі 61 студэнцкага педагагічнага, будаўнічага, сэрвіснага, вытворчага і экалагічнага атрадаў стаў 981 студэнт-купалавец.