Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 01 Кастрычнік 2019 09:00

«Instagrаm для педагогаў»: фестываль адукацыйных інавацый стартуе ў ГрДУ імя Янкі Купалы

korpus2Фестываль прысвечаны тэме лічбавых інавацый у адукацыі і прымеркаваны да Дня настаўніка.

Удзельнікамі Фестывалю, які з 1 па 4 кастрычніка пройдзе ў Купалаўскім універсітэце ўжо ў другі раз, стануць выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, каледжаў, члены Рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель», педагогі школ горада, студэнты педагагічных спецыяльнасцяў.

У цэнтры ўвагі ўдзельнікаў Фестывалю будуць асаблівасці распаўсюджвання, асваення і ўкаранення ў навучальны працэс лічбавых адукацыйных інавацый. Варта адзначыць, што тэма лічбавых інавацый у адукацыі выбрана не выпадкова. Яна не толькі прадыктавана часам. ГрДУ імя Янкі Купалы на працягу многіх гадоў укараняе інфармацыйна-камунікацыйныя тэхналогіі ў кіраванне ўніверсітэтам і адукацыйны працэс. Сёння ГрДУ імя Янкі Купалы паспяхова рэалізуе праект «Лічбавы ўніверсітэт +», накіраваны на фарміраванне лічбавага адукацыйнага экаасяроддзя, што забяспечвае мабільнасць навучання і дае новы фармат камунікацыі студэнтаў з выкладчыкамі і патэнцыйнымі працадаўцамі.

Як распавялі арганізатары, Фестываль - гэта пляцоўка для дэманстрацыі новых ідэй і асваення інавацыйных адукацыйных тэхналогій, гэты час для жывых зносін творчых людзей і прыняцця крэатыўных рашэнняў, гэта магчымасць адчуць актуальнасць і запатрабаванасць прафесіі педагога ў сучасным свеце.

У рамках Фестывалю пройдуць майстар-класы, вебінар-практыкум і круглы стол з абмеркаваннем пытанняў зместу адукацыі ў лічбавую эпоху. Майстар-класы правядуць педагогі-практыкі - пераможцы і ўдзельнікі конкурсу прафесійнага майстэрства педагагічных работнікаў «Настаўнік года Рэспублікі Беларусь», члены Рэспубліканскага клуба «Крыштальны журавель», выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы і каледжаў, якія ўваходзяць у яго структуру. Студэнтам і выкладчыкам прадставяць тэхналогіі фарміравання медыяпісьменнасці вучняў на ўроках гісторыі і грамадазнаўства, пазнаёмяць з арганізацыяй і правядзеннем прадметных дыстанцыйных алімпіяд, прадэманструюць магчымасці правядзення інтэрактыўнага апытання падчас навучальнага занятку з дапамогай мабільнага тэлефона. Асобная ўвага будзе нададзена эфектыўнаму выкарыстанню інструментаў сацыяльных сетак у адукацыйным працэсе - для ўдзельнікаў Фестывалю будзе арганізаваны вебінар-практыкум «Instagram для педагогаў».

На выяўленне і развіццё крэатыўных здольнасцяў удзельнікаў, змяненне іх асобасных якасцяў у ходзе прадуктыўнай дзейнасці накіраваны конкурс творчых работ «Слоган купалаўскага ўніверсітэта», які пройдзе на форуме электроннага навукова-метадычнага часопіса «Універсітэт адукацыйных інавацый» і будзе прысвечаны 80-годдзю Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы. Завершыць Фестываль педагагічных інавацый круглы стол «Навучанне ў лічбавую эпоху: чаму і як вучыць?».