Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 20 Верасень 2019 17:17

VIII Міжнародны турнір па валейболе сярод жаночых каманд памяці заслужанага трэнера Рэспублікі Беларусь В.М. Карчэўскага стартаваў у ГрДУ імя Янкі Купалы

volejbolУрачыстая цырымонія адкрыцця турніру адбылася ў Купалаўскім універсітэце 20 верасня.

 

Спартсменаў і гасцей спаборніцтваў павітала рэктар Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы Ірына Кітурка:

– Сёння каманды сабраліся тут не толькі для таго, каб праверыць свае сілы, але і яшчэ раз даказаць усім, што спорт - гэта вельмі важны сродак дыпламатыі. Ён не мае межаў і аб'ядноўвае розныя краіны і народы, а вы - гэта багацце сваіх краін. Мы не проста ўшаноўваем заслужанага трэнера Беларусі Уладзіміра Карчэўскага, мы працягваем яго справу. Я жадаю ўсім сумленных перамог, пазітыўных эмоцый і моцнага сяброўства паміж камандамі!

Паспяховых спаборніцтваў і перамог спартсменкам пажадалі старшыня Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў, старшыня Гродзенскага абласнога аддзялення Грамадскага аб'яднання «Беларуская федэрацыя валейбола» Барыс Фёдараў і старшыня Гродзенскага валейбольнага клуба «Камунальнік» Аляксей Сівірчукоў. Госці таксама накіравалі словы ўдзячнасці ў адрас рэктара Ірыны Кітурка і ўсяго калектыву ГрДУ імя Янкі Купалы за арганізацыю міжнароднага турніру.

Варта адзначыць, што ў гэтым годзе ў турніры бяруць удзел каманды з Беларусі, Украіны, Польшчы і Расіі. Гэта прадстаўніцы Беластоцкай акадэміі валейбола, Балтыйскага федэральнага ўніверсітэта ім. І. Канта, а таксама каманды «Валынь-універсітэт-АДЮШАР» і «Камунальнік-ГрДУ». Пераможцаў турніру назавуць 21 верасня.

Даведачна:

Карчэўскі Уладзімір Максімавіч - дацэнт, выдатнік фізічнай культуры СССР (1974), заслужаны трэнер БССР (1992), выдатнік адукацыі Беларусі (1996), заслужаны работнік фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь (2000).

У.М. Карчэўскі ў ГрДУ імя Янкі Купалы працаваў на пасадах загадчыка кафедры спартыўных гульняў, дэкана факультэта фізічнай культуры.

За плённую дзейнасць у галіне адукацыі, фізічнай культуры і спорту В.М. Карчэўскі быў узнагароджаны Ганаровай граматай Прэзідыума Вярхоўнага Савета БССР (1980), Ганаровай граматай Гродзенскага гарадскога выканаўчага камітэта (2007), Ганаровай граматай Гродзенскага гарадскога Савета дэпутатаў (2009).