Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 20 Верасень 2019 10:44

Паспяховы старт у прафесію: у ГрДУ імя Янкі Купалы пачынае працу Міжнародная школа журналістыкі "Майстэрня BY-RU"

formata3Адкрыццё праекта і першая сустрэча ўдзельнікаў адбылася ў рамках візіту ў Купалаўскі ўніверсітэт вядомага журналіста і генеральнага дырэктара радыё "Гаворыць Масква" Уладзіміра Мамантава.

Вітаючы ўдзельнікаў сустрэчы, дэкан факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Тамара Піваварчык адзначыла, што дзякуючы супрацоўніцтву з рэгіянальнымі СМІ і замежнымі медыя-партнёрамі Купалаўскі ўніверсітэт рыхтуе і штогод выпускае спецыялістаў сферы мас-медыя з добрай тэарэтычнай і практычнай падрыхтоўкай. У гэтай сувязі заняткі школы "Майстэрня BY-RU" на базе ГрДУ імя Янкі Купалы - выдатная магчымасць для студэнтаў-журналістаў атрымаць унікальны вопыт і веды ад прафесіяналаў у сферы журналістыкі:

Упэўнена, што сустрэчы ў рамках Міжнароднай школы стануць той пляцоўкай, якая дазволіць вам знайсці ў журналістыцы сваё месца, натхніцца, жыць гэтай прафесіяй і стаць у ёй лепшымі. Мы ўскладаем на тых, хто будзе вучыцца ў гэтай школе, вельмі вялікія надзеі - спадзяемся, вы станеце сапраўды прафесіяналамі з вялікай літары і будзеце вызначаць тое, як фарміруецца грамадская думка і пра што кажуць людзі.

Генеральны дырэктар радыё "Гаворыць Масква" Уладзімер Мамантаў падкрэсліў:

Сёння тут прысутнічаюць тыя, хто ўжо абраў для сябе прафесію журналіста. Калі правільна ісці па гэтай дарозе - можна атрымаць сапраўднае прафесійнае задавальненне, што і трэба атрымліваць ад працы. Тады будзе добры вынік і поспех у прафесіі не прымусіць сябе чакаць.

Школа "Майстэрня BY-RU" з'яўляецца сумесным праектам Беларускага саюза журналістаў, Беларускага рэспубліканскага саюза моладзі, грамадскай арганізацыі "Друзья-Сябры" і міжнароднага медыяклуба "Фармат А3". У гэтым годзе школа стартавала ўжо ў трэці раз. Першы і другі вопыт рэалізацыі праекта паказаў запатрабаванасць для маладых журналістаў, і яе працу вырашана было працягнуць. Заняткі "Майстэрні BY-RU" на працягу навучальнага года будуць праходзіць на базе ГрДУ імя Янкі Купалы.

Сярод 26 удзельнікаў Міжнароднай школы большасць - студэнты Купалаўскага ўніверсітэта спецыяльнасці "Журналістыка". Каб паўдзельнічаць у праекце яны прайшлі конкурсны адбор, атрымаўшы ўнікальную магчымасць навучацца прафесійнаму майстэрству ў вядомых беларускіх і расійскіх журналістаў.

Сёння для ўдзельнікаў школы таксама падрыхтавалі анкетаванне, а вядучыя журналісты Беларусі і Расіі правялі для іх першыя майстар-класы прафесійнага журналісцкага майстэрства.

ДА ТЭМЫ:

Міжнародная школа журналістыкі "Майстэрня BY-RU" праходзіць у Гродне з 2017 года. За два гады сертыфікаты ўдзельніка атрымалі каля 80 перспектыўных і таленавітых журналістаў. Заняткі ў трэцяй Міжнароднай школе журналістыкі будуць упершыню праводзіцца ў сценах Купалаўскага ўніверсітэта. Вынікі працы праекта арганізатары падвядуць у маі 2020 года.