Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 16 Верасень 2019 08:56

Перспектывы супрацоўніцтва Гродзенскага рэгіёну з Калінінградскай вобласцю абмеркавалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 9516У рамках азнаямленчага візіту ў Гродзенскую вобласць і ўдзелу ў міжнародным бізнес-форуме «Еўрарэгіён «Нёман 2019» ГрДУ імя Янкі Купалы наведала дэлегацыя Калінінградскай абласной Думы.

На сустрэчы з удзелам кіраўніцтва Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў і Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў цэнтры ўвагі былі пытанні пашырэння супрацоўніцтва Калінінградскай вобласці і Гродзенскага рэгіёну. У прыватнасці размова ішла аб развіцці сувязей у галіне акадэмічнай мабільнасці, студэнцкіх абменаў, рэалізацыі сумесных навуковых праектаў і праграм у сферы грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі.

Вітаючы гасцей, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы, старшыня Пастаяннай камісіі Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў па сацыяльнай палітыцы і справах моладзі Ірына Кітурка падкрэсліла, што з Балтыйскім федэральным універсітэтам імя Імануіла Канта Купалаўскі ўніверсітэт ажыццяўляе даўняе паспяховае ўзаемадзеянне і выказала надзею, што дадзеная сустрэча паслужыць стымулам для развіцця новых перспектыўных праектаў у галіне адукацыі і навукі паміж рэгіёнамі.

У час размовы, абмяркоўваючы магчымыя напрамкі далейшага супрацоўніцтва, член Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў Ігар Жук падкрэсліў, што сумесная дзейнасць рэгіёнаў па развіцці сферы акадэмічных абменаў павінна развівацца яшчэ больш інтэнсіўна: «Абмен студэнтамі, выкладчыкамі, навукоўцамі, маладымі спецыялістамі надзвычай важны, так як гэта абмен вопытам, які дапаможа выпрацаваць эфектыўныя інавацыйныя падыходы ў адукацыйным і навуковым асяроддзі нашых рэгіёнаў», - адзначыў старшыня Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў.

У сваю чаргу першы намеснік старшыні Калінінградскай абласной Думы Аляксандр Багданаў акцэнтаваў увагу на тым, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы для акадэмічнай супольнасці Калінінградскай вобласці ўяўляе вялікую цікавасць: «У вас моладзевы горад. Толькі ў адным Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы вучацца больш за 12 тысяч студэнтаў. У нашым Калінінградскім федэральным універсітэце імя Імануіла Канта гэтая лічба менш. У вас ёсць вялікі вопыт і шмат цікавых даўніх традыцый у галіне падрыхтоўкі спецыялістаў з вышэйшай адукацыяй. І гэты вопыт нам надзвычай цікавы», - падкрэсліў Аляксандр Багданаў.

Падчас сустрэчы дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб магчымасці распрацоўкі сумеснай праграмы па стварэнні агульнага Фонду грантавай падтрымкі таленавітай моладзі, распрацоўцы пілотнага праекта па пашырэнні сферы супрацоўніцтва ў галіне акадэмічных абменаў і навуковых стажыровак, а таксама выпрацоўцы алгарытмаў супрацоўніцтва ў сферы арганізацыі сумесных студэнцкіх атрадаў.

У тэму:

Актыўнае супрацоўніцтва з установамі адукацыі Калінінградскай вобласці Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы ажыццяўляе ўжо больш за 10 гадоў. Найбольш плённыя акадэмічныя сувязі развіваюцца з Балтыйскім федэральным універсітэтам імя Імануіла Канта. У рамках дагавора аб міжнародным супрацоўніцтве, а таксама ў рамках міжнародных асацыяцый, праграм і фондаў, такіх як «Балтыйскі ўніверсітэт», «Еўразійская Асацыяцыя Універсітэтаў», «Сетка Універсітэтаў Памежжа» рэалізуюцца акадэмічныя абмены супрацоўнікамі і навучэнцамі, праводзяцца сумесныя навуковыя даследаванні, канферэнцыі, семінары, спартыўныя і культурныя мерапрыемствы, інтэнсіўна развіваецца супрацоўніцтва ў галіне падрыхтоўкі кадраў вышэйшай навуковай кваліфікацыі.