Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Чацвер, 15 Жнівень 2019 08:58

Закрыццё Летняй школы беларускай мовы і культуры адбылося ў ГрДУ імя Янкі Купалы

photo 2019 08 14 16 10 34Адукацыйны праект праводзіўся ў купалаўскім універсітэце з 5 па 14 жніўня.

Слухачы, педагогі і арганізатары школы – на закрыцці Летняй школы беларускай мовы і культуры прысутнічалі ўсе, хто актыўна ўдзельнічаў у яе працы на працягу дзесяці дзён. Наведаў развітальную сустрэчу і выступіў з заключным словам першы прарэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Алег Раманаў: “Хачу выказаць словы ўдзячнасці ў адрас нашых гасцей за прыезд і ўдзел у Летняй школе беларускай мовы і культуры ГрДУ імя Янкі Купалы. Спадзяемся, што вам усё спадабалася, а веды, атрыманыя ў межах праграмы Летняй школы, будуць для вас карыснымі”. Алег Аляксандравіч падкрэсліў, што купалаўскі ўніверсітэт заўсёды адкрыты да супрацоўніцтва з калегамі з-за мяжы.

Удзельнікамі адукацыйнага праекта сталі прадстаўнікі Маскоўскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя М.В. Ламаносава і Інстытута славяназнаўства РАН. Падчас удзелу ў Летняй школе яны мелі магчымасць не толькі пазнаёміцца з беларускай мовай, але і дакрануцца да духоўнага і культурнага багацця Беларусі – прыняць удзел у майстар-класах і шматлікіх экскурсіях.

Адметна, што закрыццё Летняй школы беларускай мовы і культуры прайшло ў цёплай і сяброўскай атмасферы – за прыемнай гутаркай з гарбатай і блінцамі, прыгатаванымі ўдзельнікамі Летняй школы. Выказаў падзяку за ўдзел і сумесную працу слухачам арганізатар адукацыйнага праекта Мікалай Грынько. Ён таксама адзначыў высокі ўзровень адукацыі і культуры замежных уздельнікаў: “Гэта было некалькі дзён насычанай працы, цікавых сустрэч і падзей, бо ўсе, хто прыехаў да нас, – гэта вельмі разумныя і творчыя маладыя асобы”. У сваю чаргу слухачы таксама падзякавалі арганізатарам і педагогам за цёплы прыём у сценах ГрДУ імя Янкі Купалы і карысны практычны вопыт.

За плённую працу і паспяховыя крокі ў вывучэнні беларускай мовы і культуры ў Летняй школе замежныя госці атрымалі сертыфікаты. Застанецца на памяць уздельнікам і шмат прыемных успамінаў, і мноства фотаздымкаў.