Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 30 Ліпень 2019 17:47

Інжынер-тэхнолаг: за актуальнай прафесіяй у ГрДУ імя Янкі Купалы

Адной з самых запатрабаваных на факультэце біялогіі і экалогіі Купалаўскага ўніверсітэта па выніках прыёмнай кампаніі-2019 стала спецыяльнасць «Вытворчасць прадукцыі і арганізацыя грамадскага харчавання» бюджэтнай завочнай скарочанай формы атрымання адукацыі, на якой рыхтуюць будучых інжынераў-тэхнолагаў. Конкурс на яе ў гэтым годзе склаў 4,6 чалавека на месца.

Як распавёў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі, павышаная цікавасць у абітурыентаў да гэтай спецыяльнасці абумоўлена прывабнасцю Гродзенскага рэгіёну для сферы міжнароднага турызму:

Маладыя людзі, якія ўжо маюць сярэднюю спецыяльную адукацыю па дадзенай спецыяльнасці, у нашым універсітэце атрымліваюць выдатную магчымасць стаць інжынерамі-тэхнолагамі ў галіне грамадскага харчавання на скрыжаваннях культур Беларусі, Літвы і Польшчы. У навучанне па прафесіі ўключаны аўтэнтычныя гастранамічныя тэхналогіі і інавацыі рэгіянальнага кампанента ў праектаванні і кіраванні сучаснымі аб'ектамі грамадскага харчавання. Акрамя таго, наш універсітэт дае шырокія магчымасці для акадэмічнай мабільнасці ў працэсе навучання ў ВНУ Польшчы, Літвы, Расіі, Венгрыі і іншых краін.

 

 

IMG 0997

 

 

 

Ад атрымання вышэйшай адукацыі па дадзенай спецыяльнасці вялікія чаканні ў студэнтаў, якія спынілі свой выбар на Купалаўскім універсітэце. Адна са студэнтак-першакурсніц Злата Шпак, пераможца WorldSkills Belarus у кампетэнцыі «Кандытарскае мастацтва» і адкрытага расійскага конкурсу кандытарскага мастацтва, які прайшоў у рамках XXII міжнароднай выставы для хлебапякарнай і кандытарскай рынку Modern Bakery Moscow, абсалютная пераможца ў юніёрскай намінацыі «Лепшы выраб з шакаладу», адкрыта падзялілася сваёй марай:

У Гродзенскім дзяржаўным універсітэце імя Янкі Купалы, куды мне параілі пайсці вучыцца калегі, хачу павысіць сваё прафесійнае майстэрства. Зараз працую майстрам вытворчага навучання ў Гродзенскім дзяржаўным прафесійным тэхналагічным каледжы, у будучыні планую стаць выкладчыкам у роднай alma-mater, так як вельмі люблю працаваць з моладдзю.

 

IMG 0988

 

Па словах Аляксандра Карэўскага, традыцыйна папулярнасцю ў абітурыентаў карыстаецца група біялагічных спецыяльнасцяў для тых, хто бачыць сябе прафесіяналам у сферы сучасных дыягнастычных лабараторый, лабараторый і вытворчасцей мікрабіялагічнага сінтэзу, а таксама фармацэўтычных вытворчасцяў.

Не менш прывабная для абітурыентаў спецыяльнасць «Біяэкалогія», паколькі, як адзначыў Аляксандр Яўгенавіч, прафесійны клопат пра наш агульны дом - планету Зямля - актуальная ва ўсе часы. І сапраўды, для студэнта-першакурсніка Фёдара Максава захаванне прыродных рэсурсаў - не проста словы:

Я вельмі люблю прыроду і хачу стаць прафесійным эколагам для таго, каб зберагчы яе для будучых пакаленняў, па меншай меры, прыкладу для гэтага максімум намаганняў.

Ну што ж, падобна, у нас ёсць надзея на экалагічна чыстую будучыню з такімі матываванымі студэнтамі.