Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 23 Ліпень 2019 15:07

У тэхнапарку ГрДУ імя Янкі Купалы 23 ліпеня падпісана дамова з новым рэзідэнтам

resident4Рэзідэнтам Навукова-тэхналагічнага парку стаў індывідуальны прадпрымальнік г. Гродна, які аказвае кансультацыйныя паслугі.

На падпісанні дагавора прысутнічалі прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку Аляксандр Васілевіч, дэкан факультэта псіхалогіі Ганна Ракіцкая і індывідуальны прадпрымальнік Кацярына Табала.

Кацярына - студэнтка ГрДУ імя Янкі Купалы факультэта псіхалогіі завочнай формы навучання 5 курса, ужо больш за год займаецца аказаннем кансультацый насельніцтву горада Гродна, якія спрыяюць раскрыццю патэнцыялу чалавека ў асобаснай, прафесійнай сферах, а таксама вырашэнню праблемных момантаў у міжасабовых адносінах:

– Кансультацыі, якія праводзяцца мною, носяць як індывідуальны, так і групавы характар, і накіраваны на аказанне дапамогі чалавеку ў крызісных сітуацыях, у сітуацыях неабходнасці прыняцця рашэнняў у жыццёва важных пытаннях. Мая бізнэс-ідэя – гэта толькі пачатак далейшага творчага працэсу па ўвасабленні шэрагу праектаў, у тым ліку якія маюць і сацыяльную скіраванасць.

Прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі падкрэсліў, што тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы з'яўляецца тэхналагічным паркам, у якім могуць знайсці сябе не толькі рэзідэнты тэхнічнага профілю, але і тыя, хто займаецца распрацоўкай сацыяльна значных тэхналогій - педагагічных, псіхалагічных і іншых.

– Мы вельмі радыя таму, што ў нас з'яўляецца рэзідэнт тэхнапарку, які займаецца менавіта гуманітарнай сферай. Нельга забываць, што сёння ўсе тэхнічныя рашэнні немагчымыя без гуманітарнага суправаджэння, - адзначыў Юрый Яцэнтавіч.

Тое, што дадзены праект з'яўляецца першым інавацыйным праектам на факультэце псіхалогіі, падкрэсліла дэкан факультэта псіхалогіі Ганна Ракіцкая:

– Прыемна, што дадзеная бізнэс-ідэя народжаная студэнтам факультэта псіхалогіі. Гэта пацвярджае, што псіхалагічная адукацыя можа з'яўляцца надзейным падмуркам для прадуцыравання бізнес-ідэй. Псіхолаг - прафесіянал, які мае магчымасць зарабляць, аказваючы неабходную дапамогу грамадству і сам ствараючы для сябе працоўнае месца.

Варта адзначыць, што аўтарскія распрацоўкі рэзідэнта, выкананыя ў рамках стартап-праекта, накіраваныя на выяўленне наяўных праблем у розных сферах жыццядзейнасці чалавека. На аснове выяўленай праблемы ажыццяўляецца сумесны з кліентам пошук аптымальных шляхоў вырашэння, пабудова прадуктыўных жыццёвых планаў і траекторый. У выніку кліент набывае разуменне сваіх жыццёвых перспектыў і шляхоў іх дасягнення.