Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Серада, 10 Ліпень 2019 16:14

Пытанні двухбаковага супрацоўніцтва з універсітэтамі Германіі абмеркавалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 1838Дэлегацыя ўніверсітэтаў Германіі наведала ГрДУ імя Янкі Купалы.

Удзел у сустрэчы прынялі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прарэктар па вучэбнай рабоце Юрый Бялых, прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі, начальнік Цэнтра трансферу тэхналогій Алена Апякун, начальнік аддзела міжнародных праектаў і акадэмічнай мабільнасці Аляксандра Мерчы, загадчык кафедры рамана-германскай філалогіі Надзея Уласюк. У складзе нямецкай дэлегацыі купалаўскі ўніверсітэт наведалі канцлер Тэхнічнага ўніверсітэта Дрэздэна спадар Андрэас Хандшу, выкладчык кафедры міжнароднай і параўнальнай палітыкі Патсдамскага ўніверсітэта спадар Маціяс Дорнфельдт, навуковы работнік Тэхнічнага ўніверсітэта Дрэздэна Таццяна Піліпцэвіч.

У ходзе перагавораў бакі абмеркавалі пытанні супрацоўніцтва і ўмацавання двухбаковых адносін. У прыватнасці, размова ішла аб магчымасцях удзелу студэнтаў-купалаўцаў у міжнародным праекце «Тандэм-партнёрства Германія-Украіна-Беларусь», які накіраваны на развіццё акадэмічнай мабільнасці сярод студэнтаў, развіццё студэнцкага самакіравання, садзейнічае культурнаму абмену сярод студэнтаў і выкладчыкаў універсітэтаў - удзельнікаў праекту. Дасягнута папярэдняя дамоўленасць аб правядзенні ў ГрДУ імя Янкі Купалы ў рамках праекта семінараў з інтэрактыўнымі трэнінгамі, удзельнікамі якіх стануць студэнты дзвюх краін.

Як адзначыла рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, сёння ў купалаўскім універсітэце створаны аптымальныя ўмовы для развіцця інтэрнацыяналізацыі адукацыі. «Удзел у праекце стане для нас яшчэ адным напрамкам міжнароднай дзейнасці. А ўстанаўленне асабістых кантактаў паміж студэнтамі і выкладчыкамі будзе спрыяць пашырэнню ўзаемадзеяння паміж універсітэтамі», - падкрэсліла Ірына Кітурка. Яна таксама дадала, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы актыўна развіваюцца Летнія школы, удзел у якіх прымаюць замежнікі, а грамадзяне Германіі штогод прыязджаюць вывучаць рускую мову ў рамках Летняй школы рускай мовы.

На заканчэнне сустрэчы канцлер Тэхнічнага ўіверсітэта Дрэздэна спадар Андрэас Хандшу падзякаваў кіраўніцтву ГрДУ імя Янкі Купалы за цёплы прыём і выказаў надзею, што ўдзел у праекце стане важным крокам для наладжвання супрацоўніцтва паміж універсітэтамі. У сваю чаргу рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы адзначыла, што будзе рада бачыць кіраўніцтва і выкладчыкаў Тэхнічнага ўніверсітэта Дрэздэна і Патсдамскага ўніверсітэта ў сценах купалаўскага ўніверсітэта.

Пасля традыцыйнага фота на памяць для дэлегацыі з Германіі былі арганізаваны экскурсіі ў Музей развіцця гісторыі ГрДУ імя Янкі Купалы і па славутасцях Гродна.