Надрукаваць гэтую старонку
Аўторак, 09 Ліпень 2019 10:12

ГрДУ імя Янкі Купалы і Універсітэт Вісконсін у Парксайд будуць рэалізоўваць сумесны праект «Аб'яднаны ўніверсітэт»

IMG 2353Падпісанне мемарандума аб узаемаразуменні паміж універсітэтам Вісконсін у Парксайд і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы адбылося 8 чэрвеня.

Дакумент быў падпісаны ў рамках візіту ў купалаўскі ўніверсітэт дэлегацый з ЗША і Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка. Злучаныя Штаты Амерыкі на сустрэчы прадставіў кіраўнік каледжа натуральных навук і аховы здароўя Універсітэта Вісконсін у Парксайд Эмануэль Оту. Ад Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ў мерапрыемстве прынялі ўдзел прарэктар па вучэбнай працы Юрый Бялых, прарэктар па навуковай працы Юрый Раманоўскі, дэкан факультэта даўніверсітэцкай падрыхтоўкі Ірына Карлюкова, начальнік Цэнтра інтэрнацыяналізацыі адукацыі Алена Белакоз, начальнік аддзела рэкрутынгу і рэгістрацыі замежных грамадзян Вольга Янкоўская, начальнік аддзела міжнародных праектаў і акадэмічнай мабільнасці Аляксандра Мерчы.

Так, праект «Аб'яднаны ўніверсітэт» прадугледжвае навучанне замежных грамадзян у ГрДУ імя Янкі Купалы і ва Універсітэце Вісконсін у Парксайд па праграме «2 + 2». У рамках праекта будзе ажыццяўляцца навучанне па сумесных адукацыйных праграмах па біялогіі, матэматыцы, фізіцы і псіхалогіі на англійскай мове. Адвучыўшыся ў ГрДУ імя Янкі Купалы два гады, студэнты змогуць завяршыць сваё навучанне ва Універсітэт Вісконсін у Парксайд, альбо працягнуць у ГрДУ імя Янкі Купалы.

Варта адзначыць, што партнёрамі праекта выступае AIC Campus Дэмакратычнай Сацыялістычнай Рэспублікі Шры-Ланка, які на сустрэчы прадстаўлялі кіраўніцтва AIC Campus Даранган Бактхасілан, Гішан Суманасіры, Бхація Карунаратне і Вячаслаў Півавараў.

У рамках мерапрыемства бакі не толькі падпісалі мемарандум аб узаемаразуменні паміж універсітэтам Вісконсін у Парксайд і Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы, але і абмеркавалі асноўныя пытанні ўзаемадзеяння.