Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 08 Ліпень 2019 17:41

Прадстаўнікі пяці краін будуць вывучаць пытанні захавання водных рэсурсаў возера Белае і праблемы атрымання чыстай пітной вады ў ГрДУ імя Янкі Купалы

14779 6Летняя школа «Захаванне водных рэсурсаў возера Белае і праблемы атрымання чыстай пітной вады» ўпершыню стартавала на факультэце біялогіі і экалогіі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы і будзе доўжыцца з 8 па 14 ліпеня.

Урачыстае адкрыццё Летняй школы адбылося 8 ліпеня. Удзельнікаў мерапрыемства павітаў дэкан факультэта біялогіі і экалогіі ГрДУ імя Янкі Купалы Аляксандр Карэўскі. Ён адзначыў, што ў такім фармаце школа праводзіцца ўпершыню, і выказаў надзею на тое, што дадзеная Летняя школа дапаможа дзецям набыць неабходныя веды і навыкі, якія будуць спрыяць захаванню і прымнажэнню прыродных рэсурсаў Зямлі.

Міжнародная Летняя школа «Захаванне водных рэсурсаў возера Белае і праблемы атрымання чыстай пітной вады» сабрала 24 студэнта і магістранта з Польшчы, Туркменістана, Украіны, Расіі і Беларусі. На працягу тыдня яе ўдзельнікі будуць асвойваць экалагічныя методыкі па маніторынгу водных экасістэм, а таксама ўдзельнічаць у рэалізацыі навукова-адукацыйнага праекта па праблеме захавання экасістэм возера Белае і ўнікальных прыродных комплексаў Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры».

У рамках Летняй школы плануецца правядзенне палявых заняткаў на базе Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры». Акрамя таго, будуць арганізаваны экскурсіі ў інфармацыйна-адукацыйны цэнтр ГУКВП «Гроднаводаканал», санаторый «Парэчча», ТАА «Мядовы шлях». Для ўдзельнікаў Летняй школе прадугледжаны майстар-клас па прыгатаванні летніх напояў з прадуктамі пчалярства на чыстай пітной вадзе і круглы стол «Захаванне водных рэсурсаў возера Белае».

Мерапрыемства арганізавана ў рамках міжнароднага праекта «Стварэнне структуры па захаванню і ўстойлівым кіраванні воднымі рэсурсамі Рэспубліканскага ландшафтнага заказніка «Азёры» пры фінансавай падтрымцы фонду Coca-Cola і «Глабальнай воднай праблемы» ў межах Праграмы «Новы свет».