Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 24 Чэрвень 2019 08:32

Выпуск курсантаў ваеннага факультэта прайшоў у ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 20190622 183130 252На ўрачыстай цырымоніі выпуску курсантаў ваеннага факультэта ГрДУ імя Янкі Купалы 27 выпускнікам уручаны дыпломы аб заканчэнні ўніверсітэта і прысвоена званне «лейтэнант».

 

Павіншавалі рабят са знамянальнай падзеяй рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прадстаўнікі сілавых ведамстваў краіны, духавенства, а таксама родныя і блізкія выпускнікоў. У ліку ганаровых гасцей свята намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Бурдыка, камандуючы войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Віктар Хрэнін, начальнік штаба - першы намеснік камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання генерал-маёр Руслан Касыгін, начальнік рэчавага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Вячаслаў Шыцікаў, начальнік харчовага ўпраўлення Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь палкоўнік Юрый Мацяюк, намеснік старшыні дзяржаўнай установы «Спартыўны камітэт Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь» палкоўнік Дзмітрый Шусцікаў, начальнік аддзела рэчавага забеспячэння ўпраўлення тылу Дзяржаўнага пагранічнага камітэта Рэспублікі Беларусь палкоўнік Аляксандр Прудчанка, намеснік ваеннага камісара ваеннага камісарыята Гродзенскай вобласці палкоўнік Аляксандр Харашун, першы намеснік начальніка ўпраўлення дэпартамента выканання пакаранняў па Гродзенскай вобласці, палкоўнік да ўнутранай службы Віталь Мірон, ветэран ваеннага факультэта палкоўнік запасу Аляксандр Радзівонаў.

Па традыцыі цырымонія выпуску курсантаў пачалася з абвяшчэння Кодэкса гонару афіцэра. Гэта права было прадастаўлена выпускніку Аляксандру Сушчуку. Афіцэры пакляліся быць вернымі Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, законам Рэспублiкi Беларусь, прадстаўленую службовым становішчам уладу выкарыстоўваць толькі на карысць Рэспублікі Беларусь, а таксама выконваць усе абавязкі афіцэра Узброеных Сіл нашай краіны, выкладзеныя ў Кодэксе.

Віншуючы выпускнікоў з прысваеннем першага афіцэрскага звання, рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка адзначыла сімвалічнасць таго, што выпуск ваеннага факультэта ў гэтым годзе супаў з датай 22 чэрвеня. "Напэўна, няма ў Рэспубліцы Беларусь такой сям'і, якую б абыйшла вайна. Наш універсітэт паспяхова займаецца падрыхтоўкай сапраўдных абаронцаў Айчыны, - падкрэсліла Ірына Фёдараўна. - Шчыра віншую вас і хачу пажадаць прымяняць усё тое, чаму вы навучыліся ва ўніверсітэце, і вучыцца на працягу ўсяго жыцця. Жадаю, каб Кодэкс гонару вы пранеслі праз усё жыццё, і словы «гонар маю» сталі вашым крэда».

Намеснік Міністра абароны па тыле - начальнік тылу Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь генерал-маёр Андрэй Бурдыка выказаў словы ўдзячнасці кіраўніцтву Гродзенскай вобласці, горада Гродна, кіраўніцтву і прафесарска-выкладчыцкаму складу Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за падрыхтоўку высокапрафесійных ваенных кадраў. Выпускнікам Андрэй Валяр'янавіч пажадаў дастойна несці і працягваць лепшыя традыцыі, закладзеныя папярэднімі пакаленнямі вайскоўцаў.

За актыўны ўдзел у грамадскім жыцці ўніверсітэта і значны ўклад у развіццё грамадзянска-патрыятычнага выхавання Граматай рэктара Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы ўзнагароджаны выпускнікі Яўген Галко і Уладзіслаў Калеснікаў. 10 выпускнікам, якія на працягу трох з паловай гадоў у складзе роты ганаровай варты прымалі актыўны ўдзел у правядзенні ўрачыстых мерапрыемстваў горада Гродна і вобласці, былі ўручаны граматы і падзячныя лісты камандуючага войскамі Заходняга аператыўнага камандавання, адміністрацыі Ленінскага раёна горада Гродна і адміністрацыі Кастрычніцкага раёна горада Гродна .