Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Аўторак, 11 Чэрвень 2019 10:58

Факультэт мастацтваў і дызайну ГрДУ імя Янкі Купалы арганізаваў творчую сустрэчу, прысвечаную 200-годдзю з дня нараджэння вядомага кампазітара Станіслава Манюшкі

14292 4Сустрэча прайшла на базе аддзела мастацтваў Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага.

Імправізаваная музычная гасцёўня аб'яднала ў сабе элементы тэатралізацыі, музыку, дэманстрацыю відэа- і аўдыё матэрыялаў, даклады пра жыццё і творчасць знакамітага кампазітара.

Ролі вядучых выконвалі студэнткі першага курса Дар'я Журыха і Паліна Аслоўская. У форме літаратурнай кампазіцыі яны знаёмілі прысутных з найважнейшымі фактамі біяграфіі і творчасці знакамітага кампазітара. Іх аповяд суправаджаўся дэманстрацыяй музычных твораў Станіслава Манюшкі: песень, фрагментаў з яго опер. Гісторык і культуролаг Андрэй Ціхаміраў - выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы, а цяпер - супрацоўнік Гродзенскай абласной навуковай бібліятэкі імя Я. Карскага, распавёў аб лініях сувязі Станіслава Манюшкі з Гродзеншчынай. Ён таксама падзяліўся ўражаннямі пра пастаноўку ў Польшчы розных версій знакамітай оперы «Галька»: ад класічных да мадэрнавых.

У сваю чаргу прафесар кафедры гісторыі Беларусі, археалогіі і спецыяльных гістарычных дысцыплін факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму Святлана Марозава пазнаёміла ўдзельнікаў сустрэчы з памятнымі месцамі класіка Манюшкі на яго радзіме, на Міншчыне, і распавяла аб увекавечанні яго памяці ў Беларусі і ў суседніх краінах.