Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 07 Чэрвень 2019 15:21

Мемарыяльную дошку ў гонар музыканта Чэслава Немэна адкрылі ў гуманітарным каледжы ГрДУ імя Янкі Купалы

14255 6Урачыстае адкрыццё мемарыяльнай дошкі ў гонар вядомага польскага музыкі, кампазітара і аранжыроўшчыка Чэслава Немэна адбылося ў Гродне 6 чэрвеня.

Дошка з'явілася на цэнтральным фасадзе былога музычна-педагагічнага вучылішча, дзе ў 1954-1955 гадах вучыўся Чэслаў Немэн. Зараз тут размяшчаецца Гуманітарны каледж ГрДУ імя Янкі Купалы.

Удзел ва ўрачыстай цырымоніі прынялі старшыня Савета Рэспублікі Нацыянальнага сходу Беларусі Міхаіл Мясніковіч і маршал Сената Польшчы Станіслаў Карчэўскі. Гродна ў гэтыя дні стаў адной з дзвюх пляцовак беларуска-польскага эканамічнага форуму «Добрасуседства-2019». Ён ахоплівае прыярытэтныя напрамкі двухбаковага партнёрства: міжрэгіянальнае супрацоўніцтва, лагістычныя паслугі, інфармацыйныя тэхналогіі.

Аўтарам мемарыяльнай дошкі выступіў гродзенскі скульптар Уладзімір Панцялееў. Сама дошка, памерам 120х65 см, выраблена з светлага італьянскага граніту. На ёй акрамя надпісу размешчаны бронзавы барэльеф з выявай асобы спевака. Скульптар прызнаўся, што музыка Немэна дапамагала яму і падчас працы над мемарыяльнай дошкай.

Польскі музыка, кампазітар і спявак Чэслаў Немэн (Чэслаў Відржыцкі) нарадзіўся 16 лютага 1939 года ў вёсцы Старыя Васілішкі Шчучынскага раёна Гродзенскай вобласці. У 1958 годзе сям'я пераехала ў Гданьск, дзе Чэслаў паступіў у вышэйшую музычную школу. У пачатку 1960-х ён пачаў выступаць на польскай эстрадзе. Музыка быў папулярны далёка за межамі краіны. Напрыклад, ён быў удзельнікам цырымоніі адкрыцця Алімпійскіх гульняў у Мюнхене. 17 студзеня 2004 года Чэслаў Немэн памёр. У гэтым годзе адзначаецца 80-годдзе з дня нараджэння музыканта.

Па матэрыялах БелТА