Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 22 Май 2019 08:49

Амаль 2 000 чалавек сталі ўдзельнікамі акцыі ГрДУ імя Янкі Купалы «Дарогамі Перамогі»

akciyaСтудэнты ГрДУ імя Янкі Купалы праехалі дарогамі Перамогі больш за 600 кіламетраў і аб'ядналі каля 2 тысяч гледачоў у шасці гарадах Гродзенскай вобласці.

Акцыя, прысвечаная 75-годдзю вызвалення Гродзенскай вобласці ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, стартавала ў купалаўскім універсітэце 10 мая. Удзельнікі творчых калектываў універсітэта паказалі літаратурна-мастацкую пастаноўку, якая стала заключным мерапрыемствам акцыі «Дарогамі Перамогі», у навучальных установах у Астраўцы, Ашмянах, Навагрудку, Лідзе, Ваўкавыску і Гродне. Студэнты прадэманстравалі легендарныя музычныя, літаратурныя творы ў спалучэнні з гістарычнымі фактамі, якія нікога не пакінулі абыякавым.

Працягнулася мерапрыемства ў ГрДУ імя Янкі Купалы 21 мая. Паглядзець пастаноўку змаглі супрацоўнікі і студэнты ўніверсітэта ў актавай зале па вуліцы Леніна, 32.

З прывітальным словам да ўдзельнікаў акцыі звярнулася рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка. Ірына Фёдараўна адзначыла, што, напэўна, няма ў Беларусі той сям'і, якую б вайна абыйшла бокам, і падзялілася гісторыяй сваёй сям'і, калі на пачатку 90-х гадоў у Калінінградскай вобласці ў горадзе Баграціёнаўску знайшлі братэрскую магілу, у якой сярод многіх медальёнаў быў медальён яе дзядулі. Так стала вядома, што ён, доўгі час лічыўся зніклым без вестак, гераічна загінуў пры штурме Кёнігсберга.

- Дзіўнае адчуванне: усведамляць, што цаной свайго жыцця нашы бацькі, дзяды, прадзеды падарылі нам магчымасць жыць. Шануйце, любіце і беражыце жыццё, таму што права жыць далі не толькі нашы бацькі, але і тыя, хто ваяваў і загінуў, адстойваючы права беларусаў і іншых народаў жыць, - адзначыла Ірына Фёдараўна.

Заключны этап акцыі адбыўся ў 17.30 на прыступках галоўнага корпуса ўніверсітэта па вул. Ажэшкі, 22. Пастаноўку змаглі ўбачыць не толькі студэнты і супрацоўнікі ўніверсітэта, але і госці, жыхары горада Гродна.