Надрукаваць гэтую старонку
Панядзелак, 20 Май 2019 08:49

У ГрДУ імя Янкі Купалы ўшаноўвалі спартсменаў, трэнераў і супрацоўнікаў універсітэта (БУДЗЕ ДАПОЎНЕНА)

photo 2019 05 17 19 42 51Урачыстае мерапрыемства, прымеркаванае да Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, прайшло ў ГрДУ імя Янкі Купалы 17 мая.

Яго ўдзельнікамі сталі рэктар ГрДУ імя Янкі Купалы Ірына Кітурка, прарэктары, студэнты, якія дасягнулі высокіх вынікаў у спорце на міжнародным і рэспубліканскім узроўні, іх трэнеры, выкладчыкі ГрДУ імя Янкі Купалы, а таксама старшыня валейбольнага клуба «Гарадзенскі камунальнік» Аляксей Сивирчуков, дырэктар Гродзенскага абласнога комплекснага цэнтра алімпійскага рэзерву Андрэй Бойша.

Гасцей і ўдзельнікаў мерапрыемства павітала рэктар універсітэта Ірына Кітурка:

- Традыцыйна мы збіраемся напярэдадні Дня работнікаў фізічнай культуры і спорту, падводзім вынікі спартыўнага года і дзякуем людзям, якія ўслаўляюць універсітэт сваімі перамогамі, трэнераў, якія ўкладаюць душу ў сваю працу. Ёсць ёмкая фраза: «О спорт, ты - свет», у якой слова «свет» мае сімвалічнае значэнне. Спартсмены аб'язджаюць увесь свет, спорт - гэта мірная, сумленная барацьба наймацнейшых, спорт - важная дыпламатычная мова, якая часам больш пераканаўчая, чым праца дыпламатаў за сталом перамоваў.

У сваім звароце Ірына Фёдараўна падкрэсліла, што чатырнаццаць нашых студэнтаў з'яўляюцца кандыдатамі для ўдзелу ў II Еўрапейскіх гульнях і адзначыла:

- Калі ў класічным універсітэце, які не з'яўляецца апрыёры спартовым па сваім профілі, спорт высокіх дасягненняў развіваецца на годным узроўні, гэта дарагога варта.

Напярэдадні свята рэктар пажадала ўсім моцнага здароўя, сумленнай канкурэнтнай барацьбы, вялікага шчасця і любові да сваёй справы.

Аб спартыўных дасягненнях студэнтаў і супрацоўнікаў ГрДУ імя Янкі Купалы распавёў начальнік спартыўнага клуба купалаўскага ўніверсітэта Кірыл Акуліч.

Пасля чаго ў рамках мерапрыемства адбылося ўзнагароджанне каштоўнымі падарункамі, граматамі і падзячнымі лістамі кіраўнікоў і трэнераў арганізацый партнёраў ГрДУ імя Янкі Купалы, трэнераў і выкладчыкаў купалаўскага ўніверсітэта, а таксама студэнтаў-спартсменаў. Дзесяць студэнтаў ГрДУ імя Янкі Купалы былі ўзнагароджаны сертыфікатамі «Спартсмен года 2018» і 14 работнікаў і студэнтаў атрымалі пасведчанні «Майстар спорту міжнароднага класа» і «Майстар спорту Рэспублікі Беларусь».

Кубкі і дыпломы пераможцаў і прызёраў круглагадовай спартакіяды ГрДУ імя Янкі Купалы атрымалі дэканы філалагічнага факультэта, фізіка-тэхнічнага факультэта, факультэта біялогіі і экалогіі, інжынерна-будаўнічага факультэта, факультэта матэматыкі і інфарматыкі, юрыдычнага факультэта і кіраўнікі спартыўнага выхавання на гэтых факультэтах.

У час мерапрыемства для ўзнагароджаных і ўдзельнікаў прагучалі музычныя падарункі.