Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 02 Май 2019 11:22

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы пройдуць Дарогамі Перамогі

75let1Акцыя «Дарогамі Перамогі - вызваленне Гродзенскай вобласці» пройдзе з 9 па 11 мая. Купалаўцы наведаюць пяць гарадоў Гродзенскай вобласці, дзе раскажуць аб вызваленні Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Акцыя стартуе 9 мая, у Дзень Вялікай Перамогі. Характэрна, што першым горадам, які наведаюць прадстаўнікі ўніверсітэта, стане Астравец - першы вызвалены раённы цэнтр у Гродзенскай вобласці ў 1944 годзе. Дарогі Перамогі таксама пройдуць праз Ашмяны, Навагрудак, Ліду і Ваўкавыск.

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы разам з навучэнцамі гімназіі №1 г. Астравец, Ашмянскага прафесійнага аграрнатэхнічнага каледжа, Навагрудскага дзяржаўнага аграрнага каледжа, Лідскага і Ваўкавыскага каледжаў ГрДУ імя Янкі Купалы ладзяць літаратурна-мастацкую пастаноўку «Дарогамі перамогі», прысвечаную 75-годдзю вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Рабятам раскажуць пра гістарычныя моманты вайны і хроніку вызвалення населеных пунктаў Гродзенскай вобласці, пазнаёмяць іх з тэматычнымі фотаздымкамі. У рамках акцыі яе ўдзельнікі таксама сустрэнуцца з гараджанамі і ветэранамі і павіншуюць іх са Святам Вялікай Перамогі.

Завершыцца акцыя 11 мая ў 20.00 ускладаннем кветак у парку імя Жылібера да помніка воінам вызваліцелям і на беразе ракі Нёман на месцы фарсіравання ракі савецкімі салдатамі.

Арганізатарамі акцыі выступаюць Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы пры садзейнічанні Галоўнага ўпраўлення ідэалагічнай работы і па справах моладзі і ўпраўлення культуры Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта. Мерапрыемства нацэлена на фарміраванне грамадзянскасці і патрыятызму вучнёўскай моладзі шляхам уключэння яе ў гісторыю вызвалення Гродзенскай вобласці.