На плошчы Дзяржаўнага сцяга адбыўся ўрачысты мітынг, падчас якога ўшаноўвалі пераможцаў рэспубліканскага спаборніцтва па выніках працы за 2018 год, якія дасягнулі найлепшых паказчыкаў у сферы сацыяльна-эканамічнага развіцця. Усяго па выніках працы за 2018 год на Рэспубліканскую Дошку Гонару занесены 59 адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак і прадпрыемстваў.
У цырымоніі адкрыцця абноўленай Рэспубліканскай Дошкі Пашаны прынялі ўдзел першы намеснік міністра эканомікі Аляксандр Чарвякоў, кіраўнікі і прадстаўнікі працоўных калектываў, мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, якія сталі пераможцамі спаборніцтва. ГрДУ імя Янкі Купалы прадставілі рэктар універсітэта Ірына Кітурка і прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі.
Варта адзначыць, што Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы занесены на Рэспубліканскую Дошку Пашаны ўпершыню. Купалаўскі ўніверсітэт стаў пераможцам сярод навуковых арганізацый. Сярод узнагароджаных у гэтай намінацыі таксама Навукова-практычны цэнтр Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі па харчаванні, Беларускі дзяржаўны медыцынскі ўніверсітэт і Рэспубліканскі навукова-практычны цэнтр неўралогіі і нейрахірургіі.
Занясенне на Рэспубліканскую Дошку Пашаны накіравана на заахвочванне лепшых рэгіёнаў і арганізацый рэспублікі і пацвярджае грамадскае прызнанне працы грамадзян і калектываў прадпрыемстваў, якія ўнеслі важкі ўклад у сацыяльна-эканамічнае развіццё і павышэнне дабрабыту краіны.
У прыватнасці, лепшымі сярод абласцей і Мінска прызнаныя Мінск, Гродзенская і Мінская вобласці, сярод раёнаў - Магілёўскі раён Магілёўскай вобласці, Астравецкі раён Гродзенскай вобласці, Мінскі раён Мінскай вобласці, Мазырскі раён Гомельскай вобласці і Брэсцкі раён Брэсцкай вобласці. Сярод гарадоў і раёнаў у гарадах лепшымі сталі Савецкі і Першамайскі раёны Мінска, Ленінскі раён Брэста.
Варта адзначыць, што ў бягучым годзе ў адпаведнасці з указам №47 ад 12 лютага 2019 года выбар пераможцаў праводзіўся згодна з абноўленымі правіламі спаборніцтваў. Па-першае, змянілася колькасць намінацый. Два кірункі - сфера сацыяльна-эканамічнага развіцця і эканомія рэсурсаў - аб'яднаны ў адно. На Рэспубліканскую Дошку Пашаны ўпершыню занесены дзве лепшыя арганізацыі сацыяльнага абслугоўвання.