Надрукаваць гэтую старонку
Пятніца, 26 Красавік 2019 16:27

Актыўнае навучанне, моўныя камунікацыі і крэатыўныя рашэнні: у ГрДУ імя Янкі Купалы адбыліся заключныя заняткі курсаў павышэння кваліфікацыі «Асновы эўрыстычнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі» на англійскай мове

13556 1У рамках трэцяга навучальнага модуля слухачам курсаў павышэння кваліфікацыі прафесарска-выкладчыцкага складу  «Асновы эўрыстычнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі» (на англійскай мове) была прапанавана тэма «Дыстанцыйныя тэхналогіі ў адукацыі. Формы арганізацыі камунікацыі студэнтаў».

Адкрываючы мерапрыемства, старшы выкладчык кафедры педагогікі і сацыяльнай работы Алена Бэкман прадставіла ключавыя аспекты арганізацыі і правядзення навучальных заняткаў у віртуальным асяроддзі. Слухачы курсаў пазнаёміліся з тэарэтычнымі асновамі выкарыстання тэлекамунікацый у адукацыйным працэсе, даведаліся аб методыцы распрацоўкі навучальных інтэрнэт-заняткаў, атрымалі ўяўленне аб аўтарскай канцэпцыі прымянення эўрыстычнага дыялогу ў працэсе фарміравання тэлекамунікатыўных кампетэнцый вучняў доктара педагагічных навук, прафесара Андрэя Караля. На думку аўтара канцэпцыі, падчас інтэрнэт-занятку актыўнасць, ініцыятыва, запытальная дамінанта ў спазнанні павінны зыходзіць ад самога навучэнца, а не ад выкладчыка. Пісьменная і паслядоўная рэалізацыя інтэрнэт-занятку пашырае традыцыйныя камунікацыі паміж удзельнікамі адукацыйнага працэсу, прадастаўляе навучэнцам магчымасці для стварэння камунікатыўных прадуктаў у звыклым для іх асяроддзі зносін, фарміруе навыкі каманднай працы ў віртуальнай прасторы.

У выступе мадэратара Кацярыны Пчэльнік, выкладчыка Тэхналагічнага каледжа ГрДУ імя Янкі Купалы, былі прыведзены канкрэтныя і змястоўныя прыклады выкарыстання сацыяльных сетак у навучальным працэсе.

Падчас групавой працы слухачы курсаў распрацавалі першапачатковыя варыянты інтэрнэт-заняткаў, а падчас выніковага вебінара падзяліліся вынікамі працы з калегамі. На сумесным абмеркаванні слухачы атрымалі кансультацыі мадэратараў па паляпшэнні зместу метадычных распрацовак і выпраўленні дапушчаных памылак.

Варта адзначыць, што метадычныя распрацоўкі слухачоў курсаў «Асновы эўрыстычнага навучання ва ўстанове вышэйшай адукацыі» (на англійскай мове) будуць апублікаваныя ў электронным навукова-метадычным часопісе «Універсітэт адукацыйных інавацый».