Надрукаваць гэтую старонку
Серада, 24 Красавік 2019 16:10

ТАА «Класік Электра» стала рэзiдэнтам Навукова-тэхналагічнага парку ГрДУ імя Янкі Купалы

klassik elektroПадпісанне дамовы з новым рэзідэнтам адбылося 24 красавіка.

Удзельнікамі сустрэчы сталі прарэктар па навуковай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Юрый Раманоўскі, дырэктар Навукова-тэхналагічнага парку Аляксандр Васілевіч і дырэктар ТАА «Класік Электра» Сяргей Жыльцоў.

Як распавёў дырэктар кампаніі «Класік Электра» Сяргей Жыльцоў, дарэчы, выпускнік ГрДУ імя Янкі Купалы, кампанія займаецца электрыфікацыяй транспарту:

- Электрыфікацыя транспарту - гэта пераўтварэнне не экалагічнага бензінавага рухавіка - у электрычны. Аўтамабіль ператвараецца ў стандартны электрамабіль. Тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы валодае добрай тэхнічнай базай, якая будзе спрыяць развіццю нашай ідэі. Да таго ж, мы спадзяемся прыцягнуць у вытворчы працэс студэнтаў і маладых спецыялістаў.

Варта адзначыць, што на сённяшні дзень вядзецца распрацоўка канцэпта, ужо ёсць першыя напрацоўкі. Спачатку кампанія будзе вырабляць турыстычны транспарт на базе рэтракласічных аўтамабіляў, пасля чаго плануе перайсці на камерцыйную вытворчасць.

Нагадаем, што тэхнапарк ГрДУ імя Янкі Купалы створаны ў ліпені 2017 года на базе Рэспубліканскага ўнітарнага прадпрыемства «Вучэбна-навукова-вытворчы цэнтр «Технолаб», зацверджанага Гродзенскім дзяржаўным універсітэтам імя Янкі Купалы. Адно з галоўных напрамкаў работы тэхнапарка - усебаковае садзейнічанне інавацыйнаму прадпрымальніцтву, стварэнне неабходных умоў для развіцця інавацыйных прадпрыемстваў і арганізацый, а таксама прасоўванне інавацыйных прадуктаў на беларускім і замежным рынках.

Кампаніі-рэзідэнты тэхнапарку атрымліваюць шэраг выгадных бонусаў, якія спрыяюць іх эфектыўнай дзейнасці. «Становячыся рэзідэнтам тэхнапарку, прадпрыемства або юрыдычная асоба атрымлівае льготы па арэндзе працоўнай прасторы і памяшканняў тэхнапарку, магчымасць доступу да ўнікальнага высокатэхналагічнага навукова-даследчага і вытворчага абсталявання, магчымасць узаемадзеяння з навукоўцамі ўніверсітэта, а таксама льготы ў падаткаабкладанні», - падкрэсліў прарэктар па навуковай рабоце Юрый Раманоўскі.