Надрукаваць гэтую старонку
Чацвер, 18 Красавік 2019 09:12

Сустрэліся з землякамі і праспявалі «Кацюшу»: журналісты з Кітая ўпершыню наведалі ГрДУ імя Янкі Купалы

kitayciВізіт журналістаў з Кітайскай Народнай Рэспублікі ў ГрДУ імя Янкі Купалы адбыўся ў рамках прэс-тура па Гродзенскай вобласці.

У складзе дэлегацыі - прадстаўнікі міжнароднага радыё Кітая, рэдакцыі «ЖэньміньЖыбао», інфармацыйнага агенцтва "Сіньхуа", тэлерадыёкампаніі правінцыі Цзянсу, «Весніка Новага Кітая», гандлёва-эканамічнага весніка г. Чэнду, канцылярыі знешніх сувязяў і кіравання інфармацыйнай дзейнасці правінцыі Ганьсу, «Весніка Ганьсу», тэлерадыёкампаніі правінцыі Ганьсу, інфармацыйнага партала Ганьсу, міжнароднага аддзела «ЧайнаДэйлі».

Знаёмства прадстаўнікоў КНР з ГрДУ імя Янкі Купалы пачалося падчас круглага стала. Прарэктар па вучэбнай працы Юрый Белых распавёў гасцям, што сёння ў ГрДУ імя Янкі Купалы рэалізуецца 150 міжнародных дамоваў аб супрацоўніцтве. Дзевяць з іх - з універсітэтамі Кітайскай Народнай Рэспублікі. Бакі актыўна развіваюць партнёрскія адносіны: ажыццяўляюцца ўзаемныя візіты дэлегацый універсітэтаў-партнёраў, рэалізуюцца сумесныя адукацыйныя праграмы і навуковыя праекты.

Юрый Белых падкрэсліў, што супрацоўніцтва з арганізацыямі і ВНУ Кітая ў апошні час становіцца ўсё больш прадуктыўным. У ГрДУ імя Янкі Купалы ажыццяўляецца падрыхтоўка грамадзян КНР на ўсіх ступенях адукацыі: ад падрыхтоўчага аддзялення да аспірантуры. Штогод прадстаўнікі Кітая становяцца ўдзельнікамі Летняй школы рускай мовы ў купалаўскім універсітэце, а у 2018 годзе ў ГрДУ імя Янкі Купалы была адкрыта база стажыроўкі работнікаў правінцыі Ганьсу.

У ходзе сустрэчы прагучалі таксама перспектыўныя кірункі ўзаемадзеяння ГрДУ імя Янкі Купалы з калегамі з Кітая. Гэта адкрыццё на базе Цзыліньскага педагагічнага ўніверсітэта Цэнтра па вывучэнні рускай мовы і беларускай культуры, рэалізацыя інавацыйных праектаў, развіццё новых форм сумеснай адукацыйнай дзейнасці, папулярызацыя кітайскай мовы. Варта адзначыць, што сёння ў ГрДУ імя Янкі Купалы больш за 200 чалавек вывучаюць кітайскую мову.

Журналістаў цікавілі пытанні адаптацыі замежных студэнтаў, магчымасці стажыровак і навучання кітайскіх грамадзян у Беларусі, супрацоўніцтва з правінцыяй Ганьсу, а таксама канкурэнтныя перавагі ГрДУ імя Янкі Купалы.

Пасля круглага стала гасцей запрасілі на сустрэчу са студэнтамі з Кітая, якія сёння навучаюцца ў купалаўскім універсітэце. Рабяты падзяліліся з землякамі ўражаннямі ад горада і ўніверсітэта, а ў завяршэнні сустрэчы разам праспявалі «Кацюшу» на рускай мове.

Прэс-тур журналістаў з Кітая ў Гродзенскую вобласць праходзіць на працягу двух дзён. 17 красавіка госці наведалі замкавы комплекс "Мір", ГрДУ імя Янкі Купалы і пазнаёміліся з вячэрнім Гродна. 18 красавіка журналісты з Кітая сустрэнуцца са старшынёй Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзімірам Краўцовым і наведаюць ААТ «Малочны Мір» і «Беллакт».