Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Панядзелак, 15 Красавік 2019 16:48

Студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы рыхтуюцца стаць валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў

volnteriУ ГрДУ імя Янкі Купалы 15 і 16 красавіка для валанцёраў праходзяць навучальныя трэнінгі.

Сёння больш за трыста купалаўцаў рыхтуюцца стаць валанцёрамі II Еўрапейскіх гульняў 2019 года. Менавіта яны 15 і 16 сакавіка прымаюць удзел у навучальных трэнінгах, падчас якіх даведваюцца пра гісторыю і асаблівасці правядзення II Еўрапейскіх гульняў, вучацца выбудоўваць пісьменную камунікацыю з гасцямі і ўдзельнікамі спаборніцтваў, а таксама знаёмяцца з правіламі паводзін.

Адкрыў мерапрыемства прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько, які нагадаў юнакам і дзяўчатам аб адказнасці іх удзелу ва II Еўрапейскіх гульнях і пажадаў усім плённай і паспяховай работы.

Знаёмства з II Еўрапейскімі гульнямі, брэндам і каштоўнасцямі спаборніцтваў пачалося з агульнага ўступнага трэнінгу. Праца працягнулася ў асобных секцыях.

- Падчас рэгістрацыі мы, пры дапамозе каляровых бранзалетаў, падзялілі рабят на тры групы. На працягу дня кожная група ў розны час наведае ўсе тры трэнінгі, - распавяла начальнік аддзела навучання і падрыхтоўкі валанцёраў упраўлення па працы з валанцёрамі фонду «Дырэкцыя II Еўрапейскіх гульняў 2019 года» Вольга Калпінская. - Сваім вопытам з рабятамі дзеляцца нашы супрацоўнікі, якія ў свой час ужо былі валанцёрамі і ведаюць усе асаблівасці такой працы.

Так, першы блок заняткаў прысвечаны кодэксу валанцёра, асабістай і грамадскай бяспецы на аб'ектах, а таксама правілам паводзінаў з людзьмі з інваліднасцю. Валанцёрам распавялі, што рабіць, калі яны выявілі падазроныя прадметы на пляцоўцы і як паводзіць сябе ў экстранай сітуацыі.

Другі трэнінг прысвечаны відам спорту і спартыўным аб'ектам. Рабяты даведаліся, якія віды спорту будуць прадстаўлены на II Еўрапейскіх гульнях, чым паняцце «від спорту» адрозніваецца ад паняцця «спартыўная дысцыпліна». Ім распавялі, што такое кліенцкая група гульняў і з чаго складаецца кожная арэна, якіх, дарэчы, 15.

Развіць свае камунікатыўныя навыкі, навучыцца размаўляць і спраўляцца са сваімі эмоцыямі рабяты змаглі падчас трэцяга блока заняткаў.

Арганізатары распавялі, што навучанне працягнецца ўжо ў Мінску на функцыянальным трэнінгу, дзе валанцёры падрабязна даведаюцца аб працы ў сваіх групах, а апошнім этапам навучання стане праца на месцах правядзення спаборніцтваў.

Нагадаем, што ў ГрДУ імя Янкі Купалы работа па падрыхтоўцы валанцёрскай каманды вядзецца пачынаючы з красавіка 2018 года. На базе ўніверсітэта створаны Цэнтр па падрыхтоўцы валанцёраў, у склад якога ўвайшлі прадстаўнікі ўніверсітэта. Агулам падрыхтоўка валанцёраў вядзецца па 20 напрамках. Рабяты будуць працаваць на пунктах акрэдытацыі, пратакола, медыцынскага абслугоўвання, дапамагаць у працы са СМІ і на пунктах прыбыцця. Сярод функцыянальных напрамкаў таксама лінгвістычныя паслугі, тэхнічная падтрымка і многае іншае.

Варта адзначыць, што адбор валанцёраў праходзіў у некалькі этапаў - дыстанцыйна і вочна. Усяго для арганізацыі і правядзення II Еўрапейскіх гульняў 2019 года будзе задзейнічана больш за восем тысяч валанцёраў, з іх больш за 300 - рабяты з Гродна, якія, па словах арганізатараў, будуць працаваць не толькі ў Мінску, але ў Гродне на фан-зонах і на памежных зонах пропуску.