Надрукаваць гэтую старонку
Апублікавана ў Пятніца, 29 Сакавік 2019 21:05

Пераможцу агульнаўніверсітэцкага этапу рэспубліканскага грамадзянска-патрыятычнага марафона «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!» назвалі ў ГрДУ імя Янкі Купалы

IMG 5771Лепшай стала каманда факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання.

Урачыстае закрыццё марафону адбылося ў купалаўскім універсітэце 29 сакавіка. Удзельнікаў мерапрыемства павітаў прарэктар па выхаваўчай працы ГрДУ імя Янкі Купалы Васілій Сянько, які павіншаваў усіх дзяцей з завяршэннем універсітэцкага этапу марафону. Васілій Васільевіч уручыў кубкі і памятныя падарункі пераможцам і прызёрам.

Так, па выніках усіх цыклаў марафону першай стала каманда факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання, на другім месцы каманда школьнікаў Ленінскага раёна г. Гродна, трэцяе месца прысуджана педагагічнаму факультэту.

Таксама пераможцы былі названыя і ў кожным цыкле мерапрыемстваў, якія на працягу некалькіх месяцаў праходзілі ў ГрДУ імя Янкі Купалы. Першымі ў ваенна-спартыўным конкурсе «Да абароны Айчыны гатовы» сталі студэнты педагагічнага факультэта. Школьнікі Кастрычніцкага раёна г. Гродна лепш за ўсіх ведаюць гісторыю Беларусі і атрымалі перамогу ў конкурсе «Мы - нашчадкі Вялікай Перамогі». Каманда факультэта інавацыйных тэхналогій машынабудавання стала першай у цыкле мерапрыемстваў «Разам у абарону жыццёвых каштоўнасцяў», накіраваным на развіццё сямейных каштоўнасцяў. Пераможцамі творчага цыклу названы школьнікі Ленінскага раёна.

Па выніках агульнаўніверсітэцкага марафону будзе сфарміравана зборная каманда ўніверсітэта. У маі купалаўцы прымуць удзел у рэспубліканскім этапе грамадзянска-патрыятычнага марафону. З 2 па 4 мая марафон збярэ ў ГрДУ імя Янкі Купалы  ўдзельнікаў з усёй Беларусі і будзе прымеркаваны да Дня Перамогі.

У рамках рэспубліканскага этапу марафону каманды ўстаноў адукацыі, у складзе якіх будзе 10 юнакоў і 10 дзяўчат, творча прэзентуюць свой універсітэт, школу, каледж, прымуць удзел у конкурсах «Мая радзіма: гісторыя і культура Беларусі», «Гаспадар і Гаспадыня», прадэманструюць вiдэаэсе «Мы - нашчадкі Перамогі». Рабяты пакажуць спартыўную падрыхтоўку ў конкурсах «Трапны стралок», «Ваджэнне баявых машын (на трэнажоры)», «Паласа перашкод», «Кідальнік», «Ваенна-спартыўная эстафета».

У тэму:

Упершыню грамадзянска-патрыятычны марафон «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!» прайшоў напярэдадні святкавання 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, тады яго ўдзельнікамі сталі толькі студэнты ГрДУ імя Янкі Купалы. У 2016 годзе праект не толькі набыў статус гарадскога мерапрыемства, але і пашырыў свае межы. Разам з камандамі факультэтаў ГрДУ імя Янкі Купалы, навучэнцамі Гуманітарнага і Тэхналагічнага каледжаў удзел у мерапрыемстве прынялі каманды школ Кастрычніцкага і Ленінскага аддзелаў адукацыі г. Гродна. У 2018 марафон стаў рэспубліканскім. У гэтым годзе марафон зноў збярэ ўдзельнікаў з усёй Беларусі на Цэнтральным спартыўным комплексе "Нёман".

Варта адзначыць, што мерапрыемствы грамадзянска-патрыятычнага марафону накіраваны на фарміраванне ў моладзі актыўнай грамадзянскай пазіцыі і патрыятызму, прапаганду сямейных каштоўнасцяў і здаровага ладу жыцця.

Арганізатарамі грамадзянска-патрыятычнага марафона «Разам - за моцную і квітнеючую Беларусь!» выступаюць Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь і Гродзенскі дзяржаўны ўніверсітэт імя Янкі Купалы.